397

У Швэцыі ў ДТЗ загінуў аўтар карыкатур на прарока Мухамэда

04.10.2021 Крыніца: Радыё Свабода

Швэдзкі мастак, аўтар карыкатур на прарока Мухамэда Ларс Вілкс загінуў у аўтакатастрофе, якая адбылася ў нядзелю на поўдні Швэцыі.

Паводле швэдзкіх СМІ са спасылкай на паліцыю, аўтамабіль, у якім знаходзіўся 75-гадовы Вілкс, сутыкнуўся з грузавіком. Мастак і двое паліцыянтаў, якія яго ахоўвалі, загінулі, кіроўца грузавіка атрымаў цяжкія траўмы. Прычыны аварыі расьсьледуюцца.

Ларс Вілкс жыў пад аховай паліцыі з тых часоў, як у 2007 годзе намаляваў сабаку з галавой мусульманскага прарока Мухамэда і апынуўся ў сьпісе «галоўных ворагаў ісламу». Карыкатуру апублікавалі швэдзкія і дацкія газэты.

Публікацыя справакавала абурэньне мусульман у многіх краінах сьвету, Вілксу пачалі пагражаць, у тым ліку забойствам. Тэрарыстычная арганізацыя «Аль-Кайда» прызначыла за яго галаву ўзнагароду ў 100 тысяч даляраў. У 2010 годзе двое мужчын спрабавалі падпаліць дом мастака на поўдні Швэцыі. Падчас лекцыі ва ўнівэрсытэце Упсалы на яго накінуўся адзін з слухачоў, у выніку чаго мастак быў лёгка паранены. У ЗША за ўдзел у змове з мэтай забойства Вілкса была асуджаная на дзесяць гадоў пазбаўленьня волі Колін Лароўз.

Карыкатуры Ларса Вілкса былі надрукаваныя ў тым ліку і ў сатырычным часопісе Charlie Hebdo, у выніку нападу на які ў студзені 2015 году загінулі 12 чалавек.

Нягледзячы на ўсе напады і пагрозы Вілкс неаднаразова заяўляў, што няма нічога больш каштоўнага за свабоду чалавека, неад’емнай часткай якой зьяўляецца свабода слова.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!