НЕ - ВАЙНЕ!
598

У сераду, 7 снежня — чарговыя слуханні па іску “Мілкавіты” супраць Юрася Карманава

06.12.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Пасяджэнне адбудзецца ў Эканамічным судзе горада Мінска а 10.30. Суддзя — Таццяна Сапега.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/002_karmanau_20161005_dsc5968.jpg

На мінулым пасяджэнні прадстаўнік ТАА “Мілкавіта” чарговы раз змяніў іскавыя патрабаванні. Цяпер прадпрыемства патрабуе не абвяржэння апальнага матэрыялу пра малако на сайце Associated Press, а толькі каб Юрась Карманаў накіраваў у рэдакцыю інфармацыйнага агенцтва звесткі, якія б абвяргалі надрукаваны тэкст.

Таксама суд адмовіўся прыцягнуць у якасці суадказчыка само інфармацыйнае Associated Press, якое распаўсюдзіла інфармацыю. Такім чынам ТАА “Мілкавіта” нічога ад Associated Press не патрабуе.

Апроч гэтага, у новых іскавых патрабаваннях “Мілкавіта” патрабуе прызнаць тое, што выкарыстаная ў матэрыяле цытата вядомага прафесара Юрыя Бандажэўскага абражае дзелавую рэпутацыю прадпрыемства.

Аднак у цытаце Бандажэўскага (“We have a disaster, he told the AP in the Ukraine capital, Kiev. In Belarus, there is no protection of the population from radiation exposure. On the contrary, the government is trying to persuade people not to pay attention to radiation, and food is grown in contaminated areas and sent to all points in the country”) наогул не згадваецца “Мілкавіта”.

Журналісты АР у красавіку 2016 года правялі расследаванне аб актыўным выкарыстанні забруджаных зямель Чарнобыльскай зоны ў сельскай гаспадарцы. Журналісты даведаліся, што фермер Мікалай Чубянок, які арганізаваў малочную ферму за некалькі кіламетраў ад знакаў «Стоп! Радыяцыя!», штодня здае каля дзвюх тон малака на завод ААТ «Мілкавіта» ў Хойніках. Каля 90 % прадукцыі ААТ «Мілкавіта» з Хойнікаў ідзе на экспарт у Расію.

Аналіз малака ў галоўнай лабараторыі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паказаў, што дапушчальныя нормы па ўтрыманні стронцыю (SR-90) перавышаныя ў 10 разоў. Згодна з заключэннем цэнтра, які мелі журналісты, малако ўтрымлівала 37,5 Бк/кг стронцыю пры дапушчальнай норме ў 3,7 Бк/кг.

Журналісты не толькі праінфармавалі аб выніках даследаванняў кіраўніцтва «Мілкавіты», але і працытавалі ў сваім артыкуле словы прадстаўніка завода Маю Феданчук. Яна паведаміла, што «ўласны аналіз лабараторыі завода паказвае, што малако адпавядае нормам і ўтрымлівае стронцыю ў сярэднім 2,85 Бк/кг».

Пасля публікацыі Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі правёў праверку, якая не выявіла ў малацэ перавышэння па колькасці стронцыю-90. На гэтыя вынікі і спасылаецца ААТ «Мілкавіта» ў сваёй заяве ў суд. «Мілкавіта» патрабавала ад журналіста «абвергнуць загадзя ілжывыя звесткі» не толькі на сайце АР, але і на 7 беларускіх, польскіх і расійскіх сайтах, якія распаўсюдзілі інфармацыю.

Першапачаткова слуханні праходзілі ў судзе Маскоўскага раёна Мінска (па месцы жыхарства адказчыка). Аднак журналіст Associated Press хадайнічаў аб пераносе працэсу ў Эканамічны суд Мінска, бо, паводле заканадаўства, менавіта такія суды разглядаюць справы, звязаныя з патрабаваннямі гаспадарчых суб’ектаў. Суддзя Алена Рудніцкая задаволіла гэта хадайніцтва і справу перадалі ў эканамічны суд.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!