1440

У рэдакцыі «Газеты Слонімскай» таксама ператрус, забіраюць кампутары АБНОЎЛЕНА

09.11.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Следчыя ў Слоніме прыйшлі з ператрусам да заснавальніка недзяржаўнай “Газеты Слонімскай” Ганны Валадашчук. Пасля абеду прыйшлі з ператрусам і ў рэдакцыю.

Ператрус праводзіўся ў адпаведнасці з санкцыяй пракурора ў сувязі з тым, што ў мясцовых тэлеграм-каналах з’яўляліся паведамленні з абразамі на адрас работніцы з сістэмы адукацыі. Ганна Валадашчук праходзіць сведкаю па крымінальнай справе аб паклёпе.

Ганна Валадашчук у размове з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыяцыі журналістаў падкрэсліла, што не мае дачынення ні да якіх Тэлеграм-каналаў і паклёпніцкіх паведамленняў і ўвогуле ў Тэлеграме толькі чытае паведамленні, але ніколі не пісала каментароў. У спадарыні Ганны пыталіся пра Тэлеграм-канал "Слонім для жыцця": хто яго мадэруе, хто фінансуе.

Пасля ператрусу ў доме міліцыянты забралі два кампутары, sim-карты, флэш-накапляльнікі.

Пасля ператрусу дома работнікі міліцыі без папярэджання прыехалі ў рэдакцыю "Газеты Слонімскай". У рэдакцыі таксама забралі кампутары ў журналістаў, бухгалтэрыі, у рэкламным аддзеле.

Ганна Валадашчук расказала, што ў рэдакцыі цяжкае фінансавае становішча, ёсць крэдыт на гаспадарчую дзейнасць, на выплату заробкаў. Але цяпер рэдакцыя не зможа выпускаць газету, адпаведна, не зможа і выплаціць заробкі супрацоўнікам за зробленую працу.

Сёння Ганна Валадашчук была выклікана на 10 гадзін у міліцыю па позве. Пасля гэтага да яе дамоў прыйшлі з ператрусам.

Паводле слоў рэдактара, сёння вобшукі адбыліся і ў некаторых слонімскіх актывістаў — яна даведалася пра гэта ў аддзяленні міліцыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!