1202

У рэдакцыі газеты "Ганцавіцкі час" і дома ў выдаўца адбыліся вобшукі

29.12.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

 У рэдакцыю газеты "Ганцавіцкі час" у 10.30 прыйшла міліцыя з вобшукам. З рэдакцыі нічога не забралі. Але на экспертызу забралі асабісты ноўтбук Гузаеўскага.

Сярод тых, кто прыйшоў у рэдакцыю, быў начальнік крымінальнага вышуку Ганцавіцкага РАУС Дзмітрый Юрчык. Прыблізна праз гадзіну мііліцыянты з'ехалі, разам з імі галоўны рэдактар газеты "Ганцавіцкі час" Пётр Гузаеўскі.

Журналісты выдання не бачылі, каб нешта забралі з рэдакцыі. Калі пачынаўся вобшук, журналісты пачулі, што яго робяць па замове з Драгічына. Менавіта ў гэтым горадзе днямі распачалі крымінальную справу паводле "абразы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Падазраваным па справе  з'яўляецца карэспандэнт "Першага Рэгіёна" Сяргей Гардзіевіч

Пасля рэдакцыі супрацоўнікі міліцыі прыйшлі з вобшукам дадому да выдаўца газеты "Ганцавіцкі час" і сайта "Першы рэгіён" Пятра Гузаеўскага. У яго з дома забралі камп'ютар.

"Яшчэ да моманту вобшука я задаў пытанне, што вы шукаеце? Але адказу ад начальніка аддзела крымінальнага вышуку Ганцавіцкага РАУС я не атрымаў. Не напісана, што канкрэтна шукаюць, і ў пастанове. У рэдакцыі ў пратаколе ператрусу было напісана: "Нічога не выяўлена". У кватэры "знайшлі" ноўтбук, які забралі. Толькі вось на якой падставе? Якое дачыненне мой ноўтбук мае да справы, дзе Гардзіевіч нібыта напісаў пост, у якім нехта ўбачыў абразу прэзідэнта? Я нязгодны з правядзеннем вобшуку і адабраннем майго ноўтбука, лічу гэтыя дзеянні незаконнымі", — заявіў Гузаеўскі.

Афіцыйна: Паводле пастановы следчага Драгічынскага райаддзела СК Вількоўскага і санкцыі пракурора Драгічынскага раёна Дзяшко па справе №20122080257 ў дачыненні да Сяргея Гардзіевіча ў 10-42 29 снежня 2020 года быў праведзены вобшук у рэдакцыі газеты "Ганцавіцкі час", а пазней у кватэры галоўнага рэдактара Пятра Гузаеўскага.

На мінулым тыдні стала вядома, што ў Драгічыне карэспандэнта сайта “Першы Рэгіён" Сяргея Гардзіевіча адправілі пад хатні арышт (праваабаронцы прызналі яго палітвязнем). А 24 снежня рэдактара сайта “Першы Рэгіён" Паўла Дайліда раптоўна выклікалі для апытання ў Івацэвіцкі РАУС, а за гэты час хтосьці скарыстаўся яго асабістым смартфонам, які рэдактар пакінуў у камеры захоўвання ў міліцэйскім аддзяленні. У выніку з акаўнта Паўла Дайліда была выдаленая згаданая група ў Viber.

Гэтым летам журналісты "Ганцавіцкага часу" знялі жорсткі разгон акцыі пратэсту міліцыяй. Услед за ўдзельнікамі затрымалі і карэспандэнтаў. Журналіста Аляксандра Пазняка аштрафавалі, а аператару Сяргею Багрову далі 15 сутак арышту.

Сайт "Першы Рэгіён" — прыватнае медыя. Працуе для шэрагу гарадоў Брэсцкай вобласці: Івацэвічаў, Бярозы, Пінска, Ганцавіч, Драгічына.

Газеце "Ганцавіцкі час" 19 гадоў. Яна зарэгістраваная Міністэрствам інфармацыі, належыць кампаніі "Медыя-Ганцавічы", якая заснавала і сайт "Першы Рэгіён".

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!