НЕ - ВАЙНЕ!
1225

У Рэчыцы падчас апытання пра Каліноўскага затрымалі Кастуся Жукоўскага

25.03.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

24 сакавіка ў Рэчыцы падчас вулічнага апытання наконт стаўлення гараджанаў да выказвання Кастуся Каліноўскага “Не народ для ўрада, а ўрад для народа” мясцовая міліцыя затрымала гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага.

“Апытанне я праводзіў у цэнтры Рэчыцы каля Дома быту, дзе і напісаны крылаты выраз Каліноўскага “Не народ для ўрада, а ўрад для народа”. З’явіліся міліцыянты і без тлумачэнняў запатрабавалі ехаць у пастарунак. Там ад мяне патрабавалі пісаць тлумачэнне, але я адмовіўся, бо мне не патлумачылі, на падставе якога закону я мусіў гэта рабіць. У мяне быў пашпарт, я паведаміў міліцыянтам пры затрыманні, што раблю апытанне як фізічная асоба і збіраюся гэта размясціць на сваёй старонцы ў YouTube. Мяне трымалі каля дзвюх гадзінаў, а пасьля адпусцілі”, – паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” фрылансер Жукоўскі.

Міліцыя ўжо не раз затрымлівала фрылансера ў Карме, Буда-Кашалёве, Жлобіне, Мазыры, складала адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкула 22.9 КаАП нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ і накіроўвала ў суд. Сума штрафаў Жукоўскаму сёлета склала 45 мільёнаў 700 тысяч рублёў, а з улікам мінулагодніх аналагічных пакаранняў – дасягнула 77 мільёнаў 700 тысяч рублёў.

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!