176

У Рэчыцы міліцыя правярае журналіста-фрылансера за абразу рэдактара афіцыйнай раёнкі

08.05.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Дыфамацыя

Рэчыцкая раённая міліцыя распачала праверку ў дачыненні да журналіста-фрылансера Андрэя Мядзведзева паводле артыкула 189 Крымінальнага кодэкса  — “Абраза”. 7 траўня да Мядзведзева наведаўся ўчастковы інспектар, лейтэнант міліцыі Дзмітрый Рамашкевіч, каб правесці апытанне наконт публічнай знявагі ў сацыяльнай сетцы Ігара Сяргеева, галоўнага рэдактара мясцовай раённай газеты.

"Мяне здзіўляе, чаму гэту праверку распачала міліцыя з уласнай ініцыятывы, без заявы грамадзяніна Ігара Сяргеева, якога я нібыта абразіў? Згодна з артыкулам 26 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, гэта справа прыватнага абвінавачання і мусіць ініцыявацца асобай, пацярпелай ад такога злачынства. Заявы ж Сяргеева ў матэрыялах праверкі, якую праводзіў участковы, не было. Быў толькі рапарт маёра Бутрам'ева на імя начальніка Рэчыцкага РАУС", — паведаміў Службе маніторынгу ГА "БАЖ" Андрэй Мядзведзеў.

Паводле Мядзведзева, пакуль з гэтых матэрыялаў вынікае, што на яго допіс у сацсетцы, які і стаў нагодай для праверкі паводле крымінальнага артыкула, увагу звярнуў старшы оперупаўнаважаны групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Рэчыцкага РАУС, маёр міліцыі Андрэй Бутрам’еў. У рапарце начальніку РАУС ён паведаміў, што падчас маніторынгу сацыяльнай сеткі "ВКонтакте" выявіў допіс зняважлівага, на ягоную думку, характару ў дачыненні да грамадзяніна Сяргеева Ігара Георгіевіча. Гэты допіс, сцвярджаў Бутрам’еў, патрапляе пад ч. 2 арт. 189 Крымінальнага кодэкса.

Усё пачалося з невялікай нататкі “Як валанцёры ў Рэчыцы дапамагаюць у змаганні супраць каранавірусу”, змешчанай 10 красавіка  на сайце "Гомельская вясна". У ёй распавядалася, як рэчыцкая актывістка кампаніі "Гавары праўду" Алена Лінкевіч праз дамову з мясцовым прадпрыемствам "Рэчыцабыт" узялася шыць ахоўныя маскі ад каранавіруса для медработнікаў.

20 красавіка на гэта звярнула ўвагу дзяржаўная раённая газета "Дняпровец". Нехта Лаўрэнцій Сігуранцаў у публікацыі "Речичанам на заметку. Маски как повод хайпануть" разважаў: шыць маскі — гэта добра і высакародна, але не для актывістаў нейкіх палітычных рухаў. І азадачыўся: "...якое дачыненне рух "Гавары праўду" мае да вырабу масак у горадзе Рэчыцы? "Рэчыцабыт" — мае, мы з вамі, калі шыем сабе маскі, таксама маем. Аказваецца, пашыць маску са спанбонду — гэта палітычная акцыя, вартая лагатыпа грамадскага руху і размяшчэння на старонцы яго афіцыйнай асобы Таццяны Караткевіч. Прынамсі, так думае Алена Лінкевіч – рэчыцкая актывістка". (Да Алены Лінкевіч, між тым, па каментар з рэдакцыі "Дняпроўца" ніхто не звяртаўся.)

Публікацыю "Дняпроўца" перапосціў адзін з рэкламных сайтаў Рэчыцы і размясціў спасылку ў мясцовай суполцы "ВКонтакте". Менавіта пад пастом з гэтай спасылкай пакінуў 21 красавіка свой каментар Андрэй Мядзведзеў, ён прыйшоў да высновы, што за псеўданімам Сігуранцаў стаіць галоўны рэдактар выдання Ігар Сяргееў.

"Яго стыль я добра засвоіў, бо сам шэсць гадоў працаваў у газеце "Дняпровец". Да таго ж у прозвішчы падпісанта лёгка чытаюцца ініцыялы рэдактара", — кажа Мядзведзеў.

Васьмірадковы каментар выглядае рэзкім, непрыстойнай лексікі ў ім няма. Прысутнічае ацэначнае меркаванне. "Каго-небудзь, акрамя Сяргеева, у артыкуле на "Гомельскай вясне" закранула ўвогуле ўзгадванне грамадскага аб'яднання, чальцом якога з'ўляецца гераіня матэрыяла?" — напісаў  Мядзведзеў напрыканцы каментара.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!