120

У прэс-цэнтр ЦВК не хочуць пускаць і журналістаў, якія перахварэлі на COVID-19

24.07.2020 Крыніца: Арцём Маёраў, "Еўрарадыё" Сюжэт: COVID-19

У прэс-цэнтр Цэнтрвыбаркама Беларусі, які "ў сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай" 9 жніўня будзе адкрыты толькі для дзяржаўнай прэсы, не пусцяць і журналістаў недзяржаўных СМІ, якія перахварэлі на COVID-19. Ім "эпідэміялагічная абстаноўка" ўжо не страшная — але да інфармацыі ўсё роўна дапусцяць толькі тры дзяржаўныя СМІ: інфармагенцтва БЕЛТА, "СБ. Беларусь сегодня" і Белтэлерадыёкампанію.

 

Надпіс на будынку Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах / "Еўрарадыё"

— Журналісты, якія забяспечваюць трансляцыю, будуць, але таму што яны забяспечваюць трансляцыю. Яны будуць забяспечваць менавіта гэты канал сувязі, каб наша кіраўніцтва магло даносіць усю тую патрэбную інфармацыю, якая патрабуецца для людзей, — расказвае Еўрарадыё намеснік загадчыка аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы ЦВК Іван Толкач.

Еўрарадыё: Чаму вы прынялі такое рашэнне?

— Усё па рэкамендацыі Мінздароўя. Імі рэкамендуецца не праводзіць шырокіх мерапрыемстваў, мы гэта ўлічваем напрамую. Мы максімальна скарачаем фарматы, але тым не менш прыкладаем усе намаганні, каб эфект інфармавання быў дасягнуты.

Еўрарадыё: Мы хочам дапамагчы дасягнуць эфекту інфармавання, у тым ліку нашых чытачоў. У нас ёсць журналіст, які перахварэў на каранавірус, ёсць даведка пра наяўнасць антыцелаў.

— Вы ведаеце, гэта пытанне не да мяне, гэтых пытанняў не вырашаю, гэта па-першае. Па-другое, вы ж разумееце, што калі будзе адзін журналіст ад вас, то ўсе астатнія журналісты будуць таксама патрабаваць акрэдытацыі. Такое рашэнне прынята, каб забяспечыць мінімальную прысутнасць. Тыя людзі, якія патрэбныя для інфармавання, мінімальная колькасць, яны будуць працаваць. Усе свае пытанні вы зможаце задаць 10 чысла.

Што перашкаджае пусціць у прэс-цэнтр некалькіх журналістаў, якія перахварэлі на каранавірус, Толкач не ўдакладніў.

Раней у дні прэзідэнцкіх выбараў ЦВК арганізоўвала прэс-цэнтр у малой зале Палаца Рэспублікі. Кожныя дзве гадзіны ў фармаце міні-канферэнцыі СМІ атрымлівалі інфармацыю пра ход выбараў, колькасць падлічаных галасоў, скаргі.

Сёлета брыфінг пра вынікі выбараў для ўсіх СМІ Цэнтрвыбаркам правядзе толькі 10 жніўня. Да таго ўся інфармацыя будзе распаўсюджвацца выключна праз прадстаўнікоў дзяржаўнай прэсы.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!