679

У Пінску адміністрацыя рынку забараніла здымаць гандлёвы аб’ект

07.04.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

З гэтым сутыкнуўся карэспандэнт інтэрнэт-партала “Першы Рэгіён”, калі наведаў у Пінску рынак, што месціцца па вуліцы Ленінградскай.    

З рэпартажу вынікае, што падчас размовы з гандлярамі да карэспандэнта Аляксандра Ігнацюка падыйшоў прадстаўнік адміністрацыі і загадаў спыніць фатаграфаванне і рабіць відэазапіс, спаслаўшыся на тое, што такая забарона ўведзеная кіраўніцтвам Пінскага райспажыўсаюза, якому належыць гэты рынак.

Галоўны рэдактар “Першага Рэгіёна” Пётр Гузаеўскі 6 красавіка вырашыў высветліць, ці сапраўды райспажыўсаюз забараняе здымаць фота і відэа ў грамадскім месцы (да якога належыць і рынак), бо раней пракуратура Брэсцкай вобласці адзначала, што такія абмежаванні ў гандлёвых кропках не адпавядаюць заканадаўству.

У размове з галоўным рэдактарам старшыня Пінскага райспажыўсаюза Аляксандр Селюжыцкі выбачыўся за непаразуменне, адзначыў, што ніякай забароны рабіць фотаздымкі і відэазапісы на рынку няма, і паабяцаў нагадаць пра гэта сваім падначаленым.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!