1242

У панядзелак — суд за сюжэт на “Белсаце” “За што ў Воршы так не любяць Лукашэнку?”

16.02.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КоАП

У суд Кастрычніцкага раёна  Віцебска выклікаюць Віталя Скрыля і Уладзіміра Лунёва. На іх складзены адміністрацыйныя справы па артыкуле 22.9 КаАП  пасля з’яўлення на сайце  belsat.eu матэрыяла  “За што ў Воршы так не любяць Лукашэнку?

Адміністрацыйныя справы распачалі аршанскія міліцыянты. У пратаколе, складзеным на Віталя Скрыля маёрам міліцыі Ліліяй Трушко, вядзецца размова пра “фрагменты інтэрв’ю, якія былі размешчаныя на замежным тэлевізійным сайце belsat.eu”. Такім чынам, на думку складальніцы пратакола, быў ажыццёўлены “незаконны выраб прадукцыі СМІ”.

У частцы 2 артыкула 22.9 гаворыцца пра “незаконныя выраб і распаўсюд”, але ў  Аршанскім РАУС чамусьці вырашылі  “падзяліць” змест артыкула, кажа Віталь Скрыль.

“У гэтай справе ўвогуле шмат “загадак”, якія выдаюць яе невыпадковасць. Я вывучаў матэрыялы справы, бо ўжо рыхтуюся да судовага працэсу, і таму не хачу пакуль што агучваць усе недапрацоўкі міліцыянтаў. Сярод іх ёсць і такія, што сведчаць пра пра юрыдычную непісьменнасць. Прыкладам, у пратаколе агляду месца правапарушэння ў якасці такога месца пазначаны пакой у міліцыі, дзе праглядаўся “відэаролік”. А не “плошча Леніна”, пра якую сказаў сведка. Дарэчы, у пратаколе пазначаны прозвішчы трох сведак, але апыталі чамусьці толькі аднаго, хто астатнія двое, і што яны засведчылі — невядома”, — дзеліцца ўражаннямі Віталь.

Віталь Скрыль і Уладзімір Лунёў не адмаўляюць, што сапраўды ездзілі ў Оршу ў сярэдзіне мінулага месяца. І падчас той паездкі заўважылі, што за імі сочаць людзі з машыны, якая суправаджала іх па горадзе. А на выездзе з Оршы аўто Уладзіміра Лунёва спынілі работнікі ДАІ, і супрацоўнікі  перапісалі прозвішчы кіроўцы да пасажыраў.

Аднак ніякіх дакументаў пра тое, што адбывалася “назіранне ў аператыўных мэтах”, ці нешта падобнае, у справе няма.

Беспрэцэдэнтным для Віцебшчыны выпадкам стала і тое, што Лунёва і Скрыля збіраюцца судзіць у Віцебску, а не па месцы здарэння — у Оршы. Бо, да прыкладу, глыбачаніна  Змітра Лупача за сюжэты, паказаныя на “Белсаце”, змушалі прыязджаць у суды Паставаў і Докшыц. Аршанскі суд разглядаць справы віцебскіх журналістаў не захацеў: быў дасланы зварот у Віцебскі абласны суд, і старшыня прызначыў месцам разгляду Кастрычніцкі райсуд Віцебска.

Судовы працэс мае адбыцца ў панядзелак, 19 лютага.