1786

У Оршы прайшла міжрэгіянальная сустрэча БАЖаўцаў Віцебшчыны і Магілёўшчыны

08.06.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Праблемы, якія абмяркоўваліся на сустрэчы 5 чэрвеня, актуальныя для абодвух рэгіёнаў: і ў Віцебскай, і ў Магілеўскай абласцях амаль няма незалежных зарэгістраваных выданняў.

Гаворка вялася пра цяжкасці журналісцкай працы ва ўмовах дзеяння цяперашняга заканадаўства аб СМІ.

Пра свой журналісцкі досвед распавялі і гаспадары сустрэчы – рэдакцыйны калектыў сайта www.orsha.eu, і госці – магілёўскі журналіст Сяргей Гіркін, прадстаўніца рэдакцыі крычаўскай газеты “Вольны горад” Таццяна Ляйбуціна, рэдактарка горацкай газеты “Узгорак” Галіна Будная.

У Горках “УзГорак” афіцыйна зарэгістраваны, распаўсюджваецца праз падпіску ў Горацкім, Дрыбінскім і Мсціслаўскім раёнах, прадаецца праз шапікі “Белсаюздруку”. Тым не менш, “УзГорак” не цураецца праблемных тэм, якія не знаходзяць адлюстравання ў дзяржаўным друку.

“Вольны горад” у Крычаве выдаецца без рэгістрацыі накладам 299 асобнікаў, але чакаюць гэтую газету таксама і ў Клімавічах, і ў Чэрыкаве… Спробы зарэгістравацца засталіся безвыніковымі.

Што варта змяніць у беларускім заканадаўстве і якім шляхам гэтага дабівацца? Разам з журналістамі пра гэта разважалі і прадстаўнікі аршанскай грамадскасці. У Віцебскай вобласці прыкладна такая ж сітуацыя з грамадска-палітычнымі выданнямі дэмакратычнага накірунку.

Жыхары Оршы задавалі журналістам з Магілёўшчыны шмат пытанняў пра жыццё суседняга рэгіёна, абмяняліся кантактнымі звесткамі.

А па заканчэнні “дыскусійнай часткі” сустрэчы пачалася “мастацкая”. Журналісты Алена Сцяпанава і Аляксандр Зянкоў паказалі прысутным свой новы дакументальны фільм “Выбар Барыса Хамайды”, прэм’ера якога адбылася ў Віцебску напярэдадні. Таксама госці ўбачылі і выставу здымкаў віцебскіх журналістаў, прысвечаных легендарнаму распаўсюдніку незалежных СМІ.

Фотавыстава складаецца прыкладна з 50 здымкаў, сярод якіх –  і творчыя  працы фатографа Ігара Мацвеева, якія прынеслі яму перамогу ў першым туры фотаконкурса Радыё Свабода “Незалежнасць – гэта…”

Асобная частка экспазіцыі – архіўныя фотаздымкі, зробленыя яшчэ ў 1990-я гады, калі Барыс Хамайда быў адным з ініцыятараў стварэння віцебскага клуба “За дэмакратычныя выбары” і за ўласныя грошы, заробленыя ў Сібіры, зарэгістраваў адно з першых у Віцебску  дэмакратычных выданняў – газету “Выбар”. Выданне праіснавала некалькі гадоў, а потым трапіла ў нелегальнае становішча, калі гарвыканкам не перарэгістраваў заснавальніка газеты – грамадскае аб’яднанне клуб “За дэмакратычныя выбары”.

Пра тое, як выданне працягвала выходзіць у падпольных умовах, пра нялёгкі і нават небяспечны занятак выдаўца і распаўсюдніка незалежнай прэсы і вядзецца гаворка ў фільме “Выбар Барыса Хамайды”. Галоўны герой  распавядае пра этапы свайго жыцця, змены светапогляду і лёсавызначальнае слова “выбар”, якое для спадара Барыса з’яўляецца сінонімам слова “свабода”.

Плануецца, што прэзентацыі перасоўнай фотавыставы і дакументальнага фільма пройдуць яшчэ ў некалькіх гарадах Віцебшчыны. У гледачоў таксама будзе магчымасць патрымаць у руках арыгінальныя нумары газеты “Выбар”, а таксама падзяліцца сваімі ўражаннямі ў адмысловай “Кнізе водгукаў”.

Досвед правядзення сустрэчы калег з двух суседніх ргіёнаў для віцебскіх БАЖаўцаў быў першым: дагэтуль падобных імпрэзаў яшчэ не было. І Оршу  абралі месцам правядзення сустрэчы не выпадкова: яна знаходзіцца прыкладна на роўнай адлегласці ад Віцебска і Магілёва. І каб пра гэты горад у журналістаў з Магілёўскай вобласці засталіся больш прыемныя ўспаміны, актывісты Генадзь Шэпелеў і Ігар Грышанаў зладзілі для гасцей экскурсіі, шмат расказаўшы пра гісторыю Аршаншчыны.

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!