870

У офісе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН адбыўся вобшук

14.01.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Нікога з супрацоўнікаў не затрымалі. З офіса прадстаўнікі Следчага камітэта забралі некалькі адзінак тэхнікі.

Вобшук адбываўся ў межах расследавання справы журналіста Андрэя Аляксандрава.

Дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў расказаў, як адбываўся вобшук:

— За час трохгадзіннага вобшуку забралі некаторыя запісы, дакументы, дзесяць жорсткіх дыскаў ад кампутараў і два жорсткіх дыска ад лакальнага сервера. Работа рэдакцыі паралізаваная. Будзем адбудоўваць, але спатрэбіцца час.

Дзмітрый Наважылаў сказаў, што, калі зачытвалі пастанову на вобшук, былі агучаныя артыкулы 342 і 293 Крымінальнага кодэкса. Ці датычны 293-ці артыкул справы журналіста Андрэя Аляксандрава, Наважылаў не ведае.

Цяпер ёсць дамоўныя адносіны паміж БелаПАН і Андрэем Аляксандравым, то бок ён з'яўляецца пазаштатным супрацоўнікам. Аляксандраў у 2015-2018 гадах працаваў намеснікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.

Журналістка БелаПАН Таццяна Бублікава прысутнічала на пачатку вобшука ў офісе інфармагенцтва. Яна апублікавала відэа на старонцы ў Facebook, у якім паспела расказаць, што людзі ў форме прыйшлі ў офіс а 12:10.

Таццяне стала кепска і змагла выйсці з офіса са сваім смартфонам. Журналістку шпіталізавалі з дыягназам "гіпертанічны крыз". Яна ў бяспецы.

Нагадаем, учора быў затрыманы журналіст, медыяменеджар Андрэй Аляксандраў. Ён затрыманы ў межах крымінальнай справы, якую распачало ўпраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску. Пра гэта распавяла адвакат журналіста. З яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

Пазней стала вядома, што Андрэй Аляксандраў праходзіць падазраваным па арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!