4652

У офісе "Белсата" ў Мінску адбыўся ператрус — ён звязаны з крымінальнай справай аб паклёпе. Офіс разгромлены

09.04.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Стала вядома, што ў офіс тэлеканала "Белсат" у Мінску прыйшлі міліцыянты рабіць ператрус. На гэта маецца пастанова Следчага камітэта. У межах якой справы праводзіцца следчае дзеянне пакуль невядома.

Побач з домам, дзе месціцца офіс, знаходзяцца журналісты. У пад'езд супрацоўнікі міліцыі нікога не пускаюць. Журналісты "Белсата", якія былі ў офісе, на званкі не адказваюць.

Міліцыянты зайшлі ў пад'езд з пілой-"балгаркай", якой можна разрэзаць металічныя дзверы.

У выніку дзверы ўсё ж адкчыніў журналіст Мікола Дзябёла, які знаходзіўся ў офісе.

Як распавёў TUT.BY прадстаўнік «Белсата» ў Беларусі Аляксей Мінчонак, ператрус праходзіць у межах расследавання справы паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса — паклёп.

— Я мала ведаю, але вядома, што справа тычыцца адной з нашых навінаў пра «справу медыкаў».

Па словах журналіста «Белсата» Алеся Залеўскага, ператрус, хутчэй за ўсё, звязаны з крымінальнай справай аб паклёпе, якую цяпер расследуе Следчы камітэт.

Летам 2018 года Залеўскі падрыхтаваў відэасюжэт пра карупцыю ў Міністэрстве аховы здароўя, дзе паведамлялася пра затрыманне кіраўніка дзяржпрадпрыемства «Медтехноцентр» Алега Шведа.

Але тэкставая версія на сайце тэлеканала не адпавядала відэа. У тэксце паведамлялася, што затрыманы не толькі Алег Швед, але і яго брат Андрэй, кіраўнік Дзяржкамітэта судовых экспертыз.

— Мы адразу, як заўважылі, далі абвяржэнне, выправілі памылку. Але Андрэй Швед напісаў заяву на імя Шуневіча з патрабаваннем прыцягнуць мяне да адказнасці па двух крымінальных артыкулах — паклёп і дыскрэдытацыя дзяржаўных органаў.

***

Хто такі Андрэй Швед?

Нарадзіўся ў 1973 годзе ў Лельчыцкім раёне. Скончыў юрфак БДУ (1996). Працаваў у пракуратуры Мінска (1996-1998), генеральнай пракуратуры (1998-2006). Быў начальнікам экспертна-прававога аддзела Рады бяспекі. У 2010-2011 — намеснік генеральнага пракурора. Пасля быў намеснікам старшыні ў наваствораным Следчым камітэце. Ад 2013 года — першы кіраўнік Камітэта судовых экспертыз. Генерал-маёр юстыцыі.

Андрэй Швед быў кіраўніком аператыўнай следчай групы па расследаванню тэракта ў метро 2011 года, паведамляе Nn.by.

***

Па словах Залеўскага, яго пачала ўзмоцнена правяраць падатковая. У лістападзе Следчы камітэт, кажа журналіст, пастанавіў, што няма падстаў пачынаць крымінальную справу. Аднак у студзені гэтага года мінская пракуратура сама ўзбудзіла крымінальную справу па факце паклёпу, дадаў Залеўскі.

— Яны вярнулі назад справу ў СК. І зараз ідуць усе працэсуальныя дзеянні наноў. Толькі нас ужо дапытваюць як сведак, а не проста бяруць тлумачэнні. Ужо былі допыты на камеру.

Па словах журналіста, следчыя шукаюць чалавека, які выставіў на сайт тэкст пад відэасюжэтам.

— Яны рыхтуюць адпаведныя запыты ў Варшаву (там знаходзіцца галоўны офіс «Белсата» — TUT.BY). Таму справа можа працягнуцца некалькі месяцаў.

Па звестках Залеўскага, іншых крымінальных спраў у дачыненні да тэлеканала або яго супрацоўнікаў цяпер няма.

Сведкамі па гэтай справе праходзяць сам Залеўскі, аператар Аляксандр Любянчук, прадстаўнікі тэлеканала Аляксей Мінчонак і Ірына Слаўнікава.

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч пацвердзіў, што вобшук праводзіцца ў межах расследавання справы паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса — паклёп.

Журналіст Мікола Дзябёла, які быў у офісе падчас ператрусу, распавёў, што канфіскаваная ўся тэхніка. Таксама следчы даў яму падпісаць дакумент, што нельга разгалошваць артыкул Крымінальнага кодэкса, ў межах расследавання справы якога і адбываўся вобшук.

Дзябёла падкрэсліў, што гэты вобшук і канфіскацыя тэхнікі, як і ранейшыя падобныя дзеянні з боку ўладаў, скіраваныя на тое, каб перашкодзіць працы журналістаў "Белсата".

Падчас ператрусу, паводле Дзябёлы, забралі два сістэмныя блокі кампутараў, тры ноўтбукі, усе носьбіты інфармацыі.

Мікола Дзябёла мяркуе, што ператрус і крымінальная справа могуць быць звязаныя з выбарчымі кампаніямі, што маюць адбыцца ў Беларусі.