Каля 13-й гадзіне ў офіс, дзе знаходзіцца грамадская прыёмная ПЦ "Вясна" ўварваліся АМАПаўцы.
Людзей паклалі тварам у пол. Насупраць пад'езда белы аўтобус з вялікай колькасцю міліцыі. Двор фактычна ачэплены ланцугом.
Усіх прысутных — 57 чалавек — затрымліваюць. Іх выводзяць у аўтобус. Гэта пераважна былі міжнародныя назіральнікі-праваабаронцы, а таксама старшыня БХК Алег Гулак, юрыст "Вясны" Наста Лойка. Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі знік з сувязі.
Таксама затрыманы грамадзянін Украіны Канстацін Рэўцкі, грамадзянін Расіі Крэтаў Мікалай, назіральнікі Вясны і БХК Уладзімір Андрыенка, Ірына Смяян-Семянюк і Сяржук Семянюк, Валдзіс Фугаш, Алена Пішч, Анастасія Васільчук, Кірыл Кажэнаў, журналістка Ганна Бадзяка.
Адбываецца здымка чалавекам без апазнавальных знакаў, магчыма ён супрацоўнік міліцыі.
Затрыманых даставілі ў Першамайскі РУУС г. Мінска. Усіх завялі ў спартыўную залу. Як сказаў журналістам супрацоўнік, які кіраваў затрыманнем і пры гэтым не прадставіўся, яны абвінавачваюцца "у бандытызме і хуліганстве".
Прыкладна ў 14:30 Алесь Бяляцкі выйшаў на сувязь. Як высветлілася, пасля зачысткі офіса яго пакінулі там для афармлення папераў. Таксама ён паведаміў, што ні ператрус, ні агляд памяшкання ў офісе не праводзіўся, аднак затрыманне ажыццяўлялася ў брутальнай форме.
Каля 15-й гадзіны затрыманых пачалі адпускаць з РУУСа.
Юрыст “Вясны” Наста Лойка паведаміла, што адпушчаны абсалютна ўсе затрыманыя. "Пасля таго, як нас завялі у спартыўную залу РУУСа, усіх па чарзе пачалі даглядаць. Пасля пачалі прыходзіць супрацоўнікі міліцыі са спісамі – зачытвалі імёны па групах і выпускалі, так выпусцілі групы тры, а пасля ўжо – усіх астатніх разам", - удакладніла яна.
Адзін з затрыманых, Аляксей Лойка, быў дастаўлены з РУУСа ў шпіталь, паколькі быў збіты амапаўцамі падчас уварвання ў офіс.