1018

У нядзелю ў Мінску адкрыюць помнік на магіле Паўла Шарамета

10.04.2018 Крыніца: ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Цырымонія адбудзецца а 15 гадзіне на Паўночных могілках сталіцы.

Дабрацца да Паўночных могілак можна самастойна альбо разам з сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Ад’езд ад офіса арганізацыі плануецца а 14 гадзіне.

Калі Вы збіраецеся ехаць з намі, калі ласка, патэлефануйце 8(029)138-57-96 і мы пакінем Вам месца.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/sheremet_0.jpg

Вядомы беларускі журналіст Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў выніку выбуху аўтамашыны ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў. Акалічнасці яго смерці да гэтага часу не расследаваныя.

Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу на падставе артыкула "Наўмыснае забойства". Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, па дапамогу да якіх звярнуліся ўкраінскія ўлады. У якасці асноўнай версіі забойства разглядаецца помста за прафесійную дзейнасць. Следства таксама не выключае, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі становішча ва Украіне, з-за асабістых матываў або памылкова (мэтай магла быць грамадзянская жонка загінулага — уладальніца "Украинской правды" Алена Прытула, менавіта на яе аўтамабілі рухаўся Шарамет у момант трагедыі).

12 ліпеня гэтага года міжнародная няўрадавая арганізацыя "Камітэт па абароне журналістаў" (CPJ) апублікавала спецыяльны даклад да гадавіны смерці Шарамета. У ім гаворыцца, што за мінулы год Украіна не прасунулася ў расследаванні забойства. За расследаванне адказваюць тры пракуроры, па справе дапытаныя 1.800 чалавек, адгледжана 150 тэрабайт відэаматэрыялаў, аднак да гэтага часу грамадскасці невядома ні пра аднаго арыштаванага альбо нават падазраванага.

Аўтары даклада звярнулі ўвагу на тое, што ўкраінскія ўлады спрабуюць выявіць у забойстве Шарамета расійскі след, хоць ёсць не менш ўскосных сведчанняў таго, што магчымае дачыненне да забойства Украіны. Так, адзначаецца ў дакладзе, некаторыя афіцыйныя асобы падтрымалі інтэрнэт-напады на журналістаў, якія папярэднічалі забойству Шарамета. У той час "Украинская правда" стала больш актыўна крытыкаваць уладу, і Шарамет заяўляў, што за ім сочаць. У ноч, калі невядомыя асобы заклалі ў аўтамабіль Алены Прытулы бомбу, у аб`ектыў ахоўнай відэакамеры ля дома, дзе жыў журналіст, трапіў былы супрацоўнік Службы бяспекі Украіны (СБУ).

Нацыянальная паліцыя і МУС Украіны ў перапісцы з CPJ адмовіліся наўпрост адказаць на пытанне, ці падазраюць у забойстве Шарамета каго-небудзь з уладных структур або звязаных з імі людзей. А СБУ дачыненне свайго былога супрацоўніка да гэтага злачынства адмаўляе.

image1_2.jpg