906

"У нас няма такіх дадзеных" — газеце Intex-press адмовілі ў інфармацыі пра датэрміновае галасаванне

16.02.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Баранавіцкая гарадская выбарчая камісія не дае інфармацыі пра датэрміновае галасаванне незалежнай газеце Intex-press.

Цягам двух дзён рэдакцыя газеты Intex-press спрабавала даведацца пра тое, колькі выбарцаў прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні ў Баранавічах. У гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі (старшыня Таццяна Латышава) адказвалі, што гэтай інфармацыяй яны не валодаюць.

Раніцай 14 лютага Алена Зелянко, карэспандэнт Intex-press, спрабуючы атрымаць дадзеныя пра яўку ў першы дзень датэрміновага галасавання, звярнулася ў гарвыбаркам. Сакратар камісіі Святлана Касач адказала, што ў яе такіх дадзеных няма.

Прыкладна тое ж паведамілі Intex-press у гарадской выбарчай камісіі і на наступны дзень — 15 лютага. На пытанне журналіста, як жа тады абласная і цэнтральная камісіі атрымліваюць звесткі пра яўку ў Баранавічах і як публікуюць свае зборныя дадзеныя, у камісіі адказалі:

— Не збіраем мы такія звесткі і нікому мы не тэлефануем.

У Брэсцкай абласной выбарчай камісіі Intex-press пацвердзілі, што лічбы па горадзе ім падае Баранавіцкая гарадская тэрытарыяльная камісія.

— Гэта беспрэцэндэнтная сітуацыя. Ніколі раней у нас не было праблем з атрыманнем дадзеных у гарадской выбарчай камісіі. Неяк раней на выбарах у гэтым плане імкнуліся выконваць прыстойнасці, — cказала карэспандэнту службы маніторынгу ГА "БАЖ" Алена Зелянко.