1475

У Нароўлі чыноўніца на “Мерседэсе” наехала на журналістаў

15.09.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Фрыланс-журналістыка

У райцэнтры Нароўля Гомельскай вобласьці за журналістамі-фрылансерамі Кастусём Жукоўскім і Аляксеем Атрошчанкам  чыноўнікі на чорным аўтамабіле “Мерсэдэс” №10-48 АА-3 арганізавалі цікаванне.

Перад гэтым журналісты апытвалі мясцовых жыхароў наконт працы і заробкаў ў райцэнтры. Куды б ні ехаў аўтамабіль фрылансераў, за ім неадступна імчаў “Мерсэдэс”.

На стаянцы насупраць міліцыі Аляксей Атрошчанка пайшоў высветліць, можа, цікаўныя хочуць нешта пракаментаваць на відэакамеру. Аднак “Мерсэдэс”, за стырном якога была маладжавая жанчына, нечакана сарваўся з месца.

“Я падыходзіў спераду, кіроўца не магла мяне не бачыць. Машына  наехала мне на нагу, ды так, што я наваліўся на капот. Добра, што я быў у пантофлях, а кола наскочыла толькі на пальцы. Іначай не пазбегнуць сур’ёзных пераломаў”, — тлумачыць Аляксей.

З нагоды інцыдэнту журналісты-фрылансеры звярнуліся ў міліцыю.

Жанчына за рулём “Мерсэдэса” — першая намесніца старшыні Нараўлянскага райвыканкама Наталля Коваль, адказная за ідэалагічную работу, адукацыю, культуру, ахову здароўя  і сацыяльную абарону насельніцтва.

Журналісты пасля інцыдэнту паехалі ў РАУС. Аляксей Атрошчанкаў піша заяву.