5341

У Мінску затрымалі і збілі журналіста, які здымаў на ўчастку

18.02.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Фрыланс-журналістыка

Андруся Козела даставілі ў Цэнтральны РУУС Мінска, склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыянтам і адправілі ў СІЗА на Акрэсціна. Суд — у панядзелак 19 лютага.

Здарэнне адбылося на ўчастку № 27 у Мінску.

Журналіста, які вёў трансляцыю з участка ў фэйсбук, затрымалі чацвёра супрацоўнікаў міліцыі.

 — Андрусь паспеў распавесці, што міліцыянты збілі яго пры затрыманні, яго галавой разбілі шкляныя дзверы на выбарчым участку, таму ўся галава аказалася рассечанай да крыві.

Ён вёў стрым з выбарчага ўчастка. Міліцыянты паспрабавалі забараніць яму гэта рабіць, але Андрусь патлумачыў, што мае права здымаць. Тады яго схапілі і сілай выцягнулі з залы, разбіўшы галавою дзверы, — расказала Беларускай асацыяцыі журналістаў жонка Козела Вольга Чайчыц.

Вольга Чайчыц разам з калегамі прыехала ў міліцыю. Дзяжурныя паведамілі ёй, што складаюць на Андруся Козела пратакол за непадпарадкаванне. Па словах Вольгі, людзі бачылі акрываўленага журналіста, калі яго заводзілі ў пастарунак.

22:30. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі Вользе Чайчыц, што медычная дапамога яе мужу "не спатрэбілася", і што ноч ён правядзе на Акрэсціна.

19 лютага Козела будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёна Мінска (вул. Кірава, 21).

Пачатак працы суда а 9-й гадзіне.

Наш сайт ад самай раніцы будзе сачыць за сітуацыяй.

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!