782 0

У Мінску за дзень журналістаў аштрафавалі адразу шэсць разоў

08.05.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 7 траўня разглядзеў шэсць адміністрацыйных спраў супраць журналістаў за супрацоўніцтва з тэлеканалам "Белсат" без акрэдытацыі. Усіх аштрафавалі.

Раніцай суддзя Вікторыя Шабуня пакарала журналістаў Любоў Лунёву і Сяргея Краўчука за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі штрафамі па 35 базавых велічыняў кожнага.

Справа будавалася на паказаннях супрацоўніка міліцыі Дзмітрыя Шантыра. Ён заявіў, што бачыў, як Лунёва і Краўчук 13 сакавіка бралі інтэрв’ю падчас адкрыцця памятнага знака заснавальнікам БНР.

Адметна, што сюжэт, у вырабе якога абвінавацілі журналістаў, наогул у эфір не выходзіў.

— А Вас і не вінавацяць у распаўсюдзе прадукцыі СМІ, толькі ў яе вырабе, — адрэагавала суддзя на абурэнне падсудных.

Таксама суддзя Іван Касцян пакараў штрафамі за супрацоўніцтва з “Белсатам” Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) — 35 базавых велічыняў, а Ірыну Арахоўскую — 20 базавых.

Пасля гэтага суддзя Вікторыя Шабуня судзіла Марыю Арцыбашаву і зноў Сяргея Краўчука. У выніку журналістаў таксама аштрафавалі: Арцыбашаву — на 30 базавых велічыняў, а Краўчука (другі раз за дзень) — на 35 базавых.

Агульная сума штрафаў журналістам за дзень склала 190 базавых велічыняў (4655 рублёў).

Такім чынам сёлета журналістаў у Беларусі за працу без акрэдытацыі судзілі ўжо 39 раз і аштрафавалі больш чым на 32 тысячы рублёў.

Ад самага пачатку Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць пераслед калег па артыкуле 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях незаконным. Да пазіцыі БАЖ неаднаразова далучалася міжнародная журналісцкая супольнасць.

Каментары