2381

У Мінску стартаваў “Месяц фатаграфіі”

25.09.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

24 верасня з адкрыцця ў галерэі “Ў” супольнай фотавыставы «Рэальны свет» літоўскага і брытанскага фатографаў Рымальдаса Вікшрайціса і Марціна Пара стартаваў фестываль “Месяц фатаграфіі ў Мінску”.

Афіцыйнае адкрыццё фэсту адбудзецца 2 кастрычніка ў ангары арт-прасторы «ЦЭХ» (вул.Першамайская, 16).  

Мяркуючы па праграме, “калейдаскоп культурных і адукацыйных мерапрыемстваў” перасягне межы аднаго месяца. “Сёлета гледачам будуць прадстаўлены 23 экспазіцыі, і арганізаваныя яны будуць не толькі ў беларускай сталіцы”, – абяцае сайт фэсту.

Упершыню фестываль ладзіўся летась і натхніў арганізатараў сваім поспехам. У параўнанні з мінулым годам амаль удвая павялічылася колькасць яго партнёраў: да традыцыйных – Інстытута польскага, Інстытута Гётэ, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, галерэі «Ў» і арт-прасторы «ЦЭХ» – дадаліся пасольствы Ізраіля і Францыі, літаратурны музей Петруся Броўкі, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, галерэя «Кніжная Шафа», культурны цэнтр Studio 67 і Гродзенская выставачная зала.

Менеджарам праекту выступае Андрэй Лянкевіч. Поўны склад каманды – ТУТ.  

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!