2951

У Мінску сабраліся "Петракі". На знак памяці Алеся Ліпая ФОТА

04.04.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Літаратурная сустрэча “Петракі” памяці Алеся Ліпая адбылася ў музеі Петруся Броўкі ў Мінску. 9 красавіка Алесю споўнілася б 53 гады.

Алесь Ліпай раптоўна пайшоў з жыцця 23 жніўня 2018 года.

Падчас сустрэчы старшыня ГА «БАЖ», паэт Андрэй Бастунец, паэтка Сабіна Брыло, пісьменнік і паэт Уладзімер Арлоў, журналісты Сяргей Ваганаў, Марыя Вайтовіч, Міхась Янчук, Андрэй Аляксандраў, паэтка Ліна Казакова ды іншыя чыталі вершы Алеся Ліпая з кнігі “Абдымкі” і свае, дзяліліся ўспамінамі.

Паэтка Сабіна Брыло распавяла, як з’явіўся літаратурны клуб “Петракі:

— Гэта быў 2014 год, хацелася нейкага дзвіжу, мы публікавалі свае вершы ў Facebook, з кімсьці сустракаліся, а пасля вырашылі часам збірацца і чытаць адзін аднаму свае вершы. Быў нават фармальны падыход, вызначалі, на якія тэмы мы чытаем вершы. Сустрэч было не так шмат, але яны былі вельмі добрыя.  Алесь прапаноўваў назваць клуб “Вершнікі”, а мы казалі “Петракі”.

Сабіна прачытала кароткі аповед Данііла Хармса «Петракоў».

Сабіна Брыло згадала, як у Алеся Ліпая, вядомага і паспяховага, дрыжэлі рукі ад хвалявання, калі ён на публіцы чытаў свае вершы, бо “гэта быў абсалютна шчыры чалавек".

Паэтка Ліна Казакова падзялілася гісторыяй свайго знаёмства з Алесем Ліпаём:

— Я таксама вучылася на журфаку, але ўпершыню ўбачыла яго асабіста падчас адной з сустрэч “Петракоў”. Тое было адно з лепшых чытанняў у маім жыцці. Мы слухалі адзін аднаго, гледачы слухалі нас, хаця падчас чытанняў часта бывае мала ўвагі чужым вершам. Алесь слухаў мае вершы, што было для мяне нечакана. Слухаў і жыва на іх рэагаваў.

Алесь — такі чалавек, як на яго адкрыліся вочы, то больш ужо не закрыюцца. Калі адным словам, гэта — цяпло. Я сустракала адзінкі такіх людзей. Ён можа стаць тваім сябрам і будзе ім да канца жыцця.

Такія людзі не паміраюць, ад іх застаецца столькі ўсяго. А гэта ўражанне фактычна незнаёмага чалавека. І якая ж глыбокая рана яго сыходу для тых, хто добра ведаў Алеся, працаваў з ім.

 

Журналіст Міхась Янчук пікам грамадзянскай паэзіі Ліпая назваў наступны верш:

***

Цяпер ты можаш піць нагбом уладу

і марнатравіць людзкія надзеі,

але надыдзе час — і возьме плату

зь цябе народ за ўсе ліхія дзеі.

Надыдзе час — і люд захоча праўды.

І нават не яе, а толькі ведаў,

што зло не абмінула пакараньне,

і першым той, хто сам з дубінкай бегаў,

як раз цябе абвінавачваць стане.

Надыдзе час — і люд захоча праўды.

І нават не саму яе, а помсты

за тыя беды і за тую беднасьць,

куды завёў ты грамадзянаў простых.

А з помстай да людзей прыйходзіць еднасьць.

І мо на гэтай, зыбістай хоць, глебе

паўстане нацыя — і нацыя паўстане

на поўны рост, зусім ня дзеля хлеба,

а прага волі кіравацьме тым паўстаньнем.

І гледзячы,

як гмах тваёй улады

пераўтвараецца ў магільны камень,

адкрыеш ты, што жорсткі бог расплаты

жыве ў табою згвалтаваным храме.

 ***

Кожны з выступоўцаў самастойна абіраў, якія вершы чытаць. Паэтка Таццяна Нядбай сярод іншых вершаў прачытала гэты з інтымнай лірыкі:

***

Было — не хацелася.
Было — не пісалася.
Было нават, што не было куды йсьці…
Ты лепшае — што са мною здаралася.
Ты — самае сьветлае ў гэтым жыцьці.
І як бы далей яно дрэнна ні склалася,
хай нават мне Божа адключыць сьвятло, —
такое бяды, што было — не пісалася,
затое са мною такое было! —
Каханьне.
Сапраўднае.
Самае лепшае!
Высокае, як маладзік па вясьне!
Ня хопіць метафар, каб вымавіць вершамі.
А хопіць метафар — ня хопіць мяне…

***

Журналіст Андрэй Аляксандраў падзякаваў сям’і Алеся Ліпая за тое, што зберагаюць яго літаратурную спачыну. Ён заўважыў, што шмат нататак Алеся “засталіся двухрадкоўямі, занатаванымі думкамі, назіраннямі за жыццём”.

***
Я п’ю за здароўе паэтаў,

бо яны ўжо сваё прапілі.

***

Загляне стронцый

і ў наша аконца.

***

Да Вострай брамы праз апусцелы горад
мокры снег
ідзе.

***

Раскінуў рукі, абдымаю летні луг.

Лічу, што лячу.

***
Шпацыруе вясна-красуня па маёй красавіцкай краіне,

ёй так пасуе правакацыйнае міні.

Пісьменнік і паэт Уладзімер Арлоў прачытаў сваю баладу “Мёд”, а затым і свой улюблёны верш Алеся:

***
         У нябёснай бібліятэцы
         Божа перабірае кнігі.
         Лёгкія, як аблокі ў рэчцы,
         і грувасткія, быццам крыгі.

         То пра шчасьце. То пра каханьне.
         То пра гэтыя з'явы разам.
         Над каторымі пазяхае,
         а ў якой не прапусціць ні сказа.

         Байкі. Слоўнікі. Эпапеі.
         Казкі. Школьныя сачыненні...
         Душыць смех. Вільготнеюць веі.
         Ці ахопліваюць сумненні.

         То – на скруху, а то – на ўцеху:
         ёсць балады, камедыі, драмы...
         Вунь здымае з самага верху
         фаліянт пра лёс маёй мамы.

         Не паспеў яшчэ запыліцца.
         Шмат старонак там вольных, здэцца. –
         Я малюся: не памыліся,
         стаў на тое самае месца!

         Я малю, каб не быў нялоўкі,
         беручы з ніжэйшых палочкаў
         спеўнік дочкі і размалёўкі
         двух малодшых маіх сыночкаў.

         І не раю бяз дай прычыны
         захапляцца лірычнай паэмай
         пра каханую мной дзяўчыну:
         рэўнасць тут – недарэчная тэма!

         Перастань — бо я гэта ўведаў —
         красці на самакруткі старонкі
         з Беларускай Энцыклапедыі!
         Ейны том і так ужо тонкі!

         А калі Табе ўсё ж няймецца
         вызваляць на паліцах месца,
         ахвяруй лепш маю аповесць:
         што за жанр — вершаваная споведзь!

         ...Светла, а трывожна на сэрцы.
         Ноч калядная дагарае…

         У нябёснай бібліятэцы
         Божа кнігі перабірае.

***