710

У Мінску праходзіць з’езд Беларускай асацыяцыі журналістаў

20.04.2018 Крыніца: ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Форум журналісцкай арганізацыі праходзіць раз на тры гады і збірае дэлегатаў з усёй краіны. Удзел у сёлетнім з’ездзе возьмуць 80 прадстаўнікоў журналісцкай супольнасці, абраных на журналісцкіх сходах у рэдакцыях і філіях.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/20150424_-_9_zezd_baj-11_0.jpg

У парадку дня: справаздача кіруючых органаў, выбар новага кіраўніцтва арганізацыі, разгляд паправак у Кодэкс журналісцкай этыкі, прапанаваных Камісіяй па этыцы.

Падчас з’езду будзе абмеркавана бягучая сітуацыя ў сферы медыя, а таксама плануемыя змены ў заканадаўства аб СМІ, якія скіраваныя на павялічэнне дзяржаўнага кантролю ў інтэрнэт-прасторы.

Кіраўніцтва БАЖ адзначае, што сітуацыя са свабодай слова за апошнія тры гады ў Беларусі не зведала зменаў у бок дэмакратызацыі. Больш за тое, з 2017 года павялічыўся ціск уладаў на незалежную журналістыку, асабліва на журналістаў-фрылансераў, якія ў Беларусі па-ранейшаму застаюцца па-за законам.

На фоне гэтага цягам апошніх трох год Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла вялікую працу па абароне і падтрымцы журналістаў, адукацыі, умацаванні арганізацыйнага патэнцыялу.

Нагадаем, што Беларуская асацыяцыя журналістаў з’яўляецца адной з двух буйнейшых журналісцкіх арганізацый краіны. З 1995 года аб’яднанне актыўна займаецца адстойваннем права на свабоду выказвання ў Беларусі.