286

У Мінску пачалі судзіць Міколу Дзядка

29.06.2021

Сёння ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся працэс над аўтарам «Новага Часу», блогерам, актывістам анархісцкага руху Міколам Дзядком. Суддзя Анастасія Папко, адвакат Яўген Маслаў.

На суд прыйшлі каля 30 чалавек, у тым ліку бацькі і нявеста Міколы. Таксама запусцілі некалькі журналістаў і проста неабыякавых людзей, піша "Новы Час".

Працэс працягнецца 1 ліпеня а 10.30.

Напрыканцы сённяшняга пасяджэння зачыталі характарыстыкі Міколы Дзядка з месцаў працы і вучобы (каледж БДУ, ЕГУ), таварыства ўласнікаў. Паўсюль падсудны характарызуецца станоўча — у тым ліку, дарэчы, і ў «Новым Часе» (Мікалай — пазаштатны карэспандэнт «НЧ»).

А зараз наконт лінгвістычнай экспертызы: ці ёсць у сацсетках і месенджарах Міколы заклікі да масавых беспарадкаў і інш.? Заключэнне: немагчыма даць заключэнне, паколькі гэтыя пытанні выходзяць па-за межы ведаў экспертаў.

Паводле судова-генетычнай экспертызы ўстанаўленне паходжання клетак эпітэлію на трох бутэльках не ўяўляецца магчымым.

Пракурор зачытаў вынікі судова-медычнай экспертызы стану Мікалая Дзядка за 17 і 24 лістапада 2020 года: «Крывавадцёкі верхняга і ніжняга павек, паясніцы, плечавога сустава, сцёгнаў... 13 траўматычных уздзеянняў цвёрдым тупым прадметам, што не характэрна для падзення».

10 снежня 2020 года была праведзена экспертыза вадкасці з бутэлек, якія былі забраныя з кватэры, дзе затрымалі Мікалая. Заключэнне эксперта: сумесь аўтамабільнага бензіну і мінеральнай алею, што з'яўляецца лёгказапальнай вадкасцю. Але ёсць цікавая акалічнасць: паводле праведзенай 25 лістапада 2020 года судова-дактыласкапічнай экспертызы, на бутэльках, знойдзеных у Міколы, слядоў рук не маецца.

29 чэрвеня у судзе скончылі даследаваць матэрыялы першага тома. Усяго іх чатыры. Пракурор зачытваў адзін з допісаў з тэлеграм-каналу Дзядка, дзе ён пісаў пра неабходнасць пратэсту, салідарнасці і забастоўкі 1 верасня. Прычым, пералічвае ўсе спосабы забастоўкі пакрокава: «Давайце нагадаем уладам, хто тут улада!»

Падрабязна пра ход паседжання піша "Новы Час".

Мікола Дзядок заявіў хадайніцтва аб допуску да працэсу ў якасці абаронцы яго бацькі — Дзядка Аляксандра Мікалаевіча. Таксама абвінавачаны просіць выдаліць з залы суда журналістку дзяржСМІ Людмілу Гладкую. Абодва хадайніцтвы суд адхіліў.

Вось вытрымкі з дзяржаўнага абвінавачвання:

«Пры нявысветленых абставінах вырабіў дзве бутэлькі з сумессю аўтамабільнага бензіну і алею, якую захоўвпў па месцы жыхарства ў Магілёўскай вобласці». «Давесці да канца сваю злачынную задуму з гарачай сумессю не паспеў, бо быў затрыманы».

«Шляхам уздзеяння на свядомасць людзей праз інтэрнэт Мікола Дзядок з 4 жніўня па 1 лістапада 2020 года распаўсюдзіў матэрыялы, накіраваныя на падрыў бяспекі Рэспублікі Беларусь». «Рабіў штучнае нагнятанне напружанасці паміж грамадствам і дзяржавай». «Заклікі да здзяйснення дзеянняў, накіраваныя на падрыў бяспекі Рэспублікі Беларусь». «Дзеянні Міколы Дзядка пагражалі жыццю і здароўю людзей, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь».

Пракурор пахвілінна зачытаў усе пасты, якія ва ўказаны вышэй перыяд Мікола размяшчаў у сваім Тэлеграм-канале.

«23 жніўня не пазней за 14 гадзін прыбыў на перасячэнне праспекта і вуліцы Купалы, прыняў удзел у супрацьпраўных дзеяннях з групай грамадзян, што пацягнула блакаванне транспартнага руху. Гэта выразілася ў выкрыкванні лозунгаў, парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства, ён адмовіўся падпарадкавацца супрацоўнікам у форменным абмундзіраванні, якія неслі працу па ахове парадку».

Бацькі Міколы Дзядка

Міколу Дзядка затрымалі позна ўвечары 11 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманні ён быў моцна збіты, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Гвалтам прымусілі зняцца на камеру для роліку МУС.

Пасля затрымання адвезлі ў Мінск у ГУБАЗіК. Там ён чатыры гадзіны праляжаў тварам у падлогу. Яго катавалі — збівалі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваннем. У Дзядка патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў. Затым яго адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна, пазней перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Некалькі разоў Міколу пераводзілі ў Жодзіна і назад на «Валадарку». За час зняволення Міколу неаднаразова кідалі ў карцар. Міколу Дзядку прад’яўлены абвінавачанні па:
  • арт. 342 Крымінальнага кодэксу – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;

  • арт. 361 Крымінальнага кодэксу – Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

  • арт. 295 Крымінальнага кодэксу – Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.

Мікола Дзядок віну не прызнаў ні па адным артыкуле.

Міколу Дзядку пагражае да 7 гадоў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!