2214

У Мінску названыя лаўрэаты журналісцкай прэміі імя Аляксея Караля (шмат фота)

30.05.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прэмія была заснаваная на знак павагі і пашаны да галоўнага рэдактара газеты «Новы Час» Аляксея Караля, які пайшоў з жыцця ад цяжкай хваробы. Сёлета працы маладых журналістаў ацэньвалі ў трох намінацыях. Цырымонія адбывалася 29 траўня — у дзень народзінаў Аляксея Караля.

Галоўны рэдактар "Новага Часу" Аксана Колб распавяла, што ідэя прэміі паўстала з ініцыятывы Ірыны Віданавай — дачкі Аляксея Караля. Ён заўсёды хацеў бачыць больш маладых людзей у рэдакцыі, больш тэкстаў маладых аўтараў у газеце.

Матэрыялы ацэньваліся ў трох намінацыях:

• найлепшы грамадска-палітычны матэрыял

• найлепшы сацыяльна-эканамічны матэрыял

• найлепшы культурна-гістарычны матэрыял.

Паводле кожнай намінацыі прысуджаліся дзве прэміі. Усе тэксты можна знайсці на сайце ў асобным раздзеле.

"Цяжка паверыць, што два гады таму менавіта ў бацькаў Дзень народзінаў мы даведаліся, што дыягназ лятальны. Так атрымалася, што прачытала гэты ліст я, але, апрануўшы ўсмешку і сукенку, я пайшла віншаваць яго са святам, каб нічога не выдавала, што чакае наперадзе. Мы памятаем, што ён цудоўна выглядаў і не збіраўся нікуды сыходзіць. І ўвесь гэты час у нас у сям'і ёсць адчуванне, што ён побач", — сказала Ірына Віданава падчас цырымоніі ўзнагароджвання.

Пераможцамі вызначаныя:

1-я намінацыя

Алесь Кіркевіч, артыкул пра справу мытніка-патрыёта Юркойця "Справа «касінера ў пагонах», альбо Як знішчаюць патрыётаў".

"Грамадска-палітычны жанр быў найбольш любімы ў бацькі і гэта найбольш складаны жанр. Я цяпер у яго архівах, запісах знаходжу нататкі да некаторых артыкулаў, бачна, што ён выношваў іх гадамі", — адзначыла Віданава, уручаючы дыплом пераможцу Кіркевічу.

Мікалай Дзядок, з тэкстам "Дармаедскія" пратэсты і перспектыва Майдану".

2-я намінацыя

Вікторыя Чаплева, тэкст «Нібыта і не было гэтай катастрофы…».

"Я вельмі шчаслівая, што атрымала гэтую прэмію, што супрацоўнічаю з "Новым Часам", і што прыйшла ў газету, калі працаваў Аляксей Сцяпанавіч. Я прыйшла ў газету, калі рабіла першыя крокі ў журналістыцы, і ён мяне скіраваў, паказаў што ёсць журналістыкай", — сказала Вікторыя Чаплева, прымаючы дыплом пераможцы конкурсу.

Уладзіслаў Рубанаў, тэкст "Букет кветак замест дзіцяці з сіндромам Даўна".

3-я намінацыя

Алена Ляшкевіч з тэкстам "Засцянковая Атлантыда Фларыяна Чарнышэвіча".

Дыяна Пінчук, тэкст «Вогненная вёска» Алеся Адамовіча.

"Найлепшы матэрыял па выніках галасавання чытачоў "Новага Часу": Алесь Кіркевіч і Вікторыя Чаплева.

"Мы думаем, што ў наступным годзе ў прэміі з'явіцца чацвёртая намінацыя "За літаратурна-крытычны матэрыл". Такім чынам мы зможам падтрымаць нашых маладых аўтараў", — абвесціў старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч.