2434

У Мінску названыя лаўрэаты прэміі беларускай праваабарончай супольнасці (ФОТА)

09.12.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Мінску з нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека названыя лаўрэаты прэміі беларускай праваабарончай супольнасці.

Імпрэзу вяла прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава Таццяна Равяка.

"Праваабаронца года" — эксперт і каардынатар праваабарончай асветніцкай установы "Офіс па правах людзей з інваліднасцю" Сяргей Драздоўскі.

Прэмію Сяргею Драздоўскаму ўручаюць Таццяна Равяка і Людміла Гразнова

"Журналіст года" — прэмію атрымалі Дзмітрый Дрозд і Адар'я Гуштын. Дзмітрый Дрозд — былы палітычны зняволены, гісторык-архівіст (аўтар серыі кніг «Землеўладальнікі Мінскай губерні», артыкулаў аб Мінскім турэмным замку і Вікенція Дуніна-Марцінкевіча), журналіст, рэдактар сайта "Беларускага дакументацыйнага цэнтра".Супрацоўнічае з недзяржаўнымі СМІ. Адар'я Гуштын — журналіст інтэрнэт-газеты БелаПАН Naviny.by.

Адар'ю Гуштын віншуюць Таццяна Равяка і экс-старшыня ГА "БАЖ" Жанна Літвіна

Пераможца ў намінацыі "Журналіст года" Дзмітрый Дрозд

"Кампанія / ініцыятыва года" — часопіс «Имена». Гэта інфармацыйны інтэрнэт-праект з убудаваным сэрвісам дапамогі грамадска значным праектам. Мэта — распавядаць пра тое, што сёння рэальна хвалюе беларусаў, і даць інструменты, з дапамогай якіх можна актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства.

Заснавальніца часопіса "Имена" Кацярына Сінюк не прысутнічала на цырымоніі ўзнагароджвання. Але перадала вітальны ліст. У якім, у прыватнасці, адзначалася, што "гэтую прэмію мы прысвячаем праекту Мінскі Клубны дом «Адкрытая душа», які прыйшоў да нас шукаць падтрымкі. Гэта самая вялікая ў Мінску грамадская арганізацыя, якая займаецца сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыяй і падтрымкай асоб, якія пакутуюць псіхічнымі захворваннямі".

Сінюк у звароце адзначыла, што людзі ахвотна дапамагаюць жывёлам і дзецям, а дарослыя, якія патрапілі ў няпростыя жыццёвыя сітуацыі, апынаюцца па-за ўвагай дабрачынных праектаў. Кацярына заклікала дапамагчы Клубнаму дому  «Адкрытая душа». Як гэта зрабіць, можна паглядзець тут.

Удзел у вызначэнні лаўрэатаў у гэтым годзе прынялі 23 беларускія праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы.

Раней з нашых калегаў прэмію ўжо атрымлівалі Сямён Печанко, Алег Груздзіловіч, Юлія Дарашкевіч і Уладзімір Грыдзін, Анджэй Пачобут, праваабарончая перадача "Маю права" на "Белсаце", Алена Панкратава і Дзмітрый Лукашук.

Многія мужчыны плачуць... Каця Сінюк расказала пра феномен «Имена»

***
Нацыянальная прэмія беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе "Праваабарончым альянсам". З 2011 года прэмія з'яўляецца агульнай ад усёй беларускай праваабарончай супольнасці, якой за абарону каштоўнасцяў правоў чалавека штогод адзначаецца "Праваабаронца года", "Журналіст года", "Адвакат года" (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 годзе — "Кампанія / ініцыятыва года ".

Арганізацыямі-сузаснавальнікам прэміі з'яўляюцца ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", Беларускі дакументацыйнага цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава, Камітэт "Салідарнасць", Цэнтр прававой трансфармацыі, Праваабарончы альянс, Прававая ініцыятыва, Грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.

Да вызначэння лаўрэатаў прэміі арганізацыямі-сузаснавальнікамі было запрошана шырокае кола беларускіх праваабарончых арганізацый і арганізацый, якія маюць у сваёй дзейнасці праваабарончую кампаненту.