2067 0

У Мінску цягам пятніцы асудзілі чатырох журналістаў. Усіх пакаралі вялікімі штрафамі

28.08.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

25 жніўня незалежных журналістаў Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву), Сяргея Кавалёва, Алеся Сіліча і Марыю Арцыбашаву асудзілі за  незаконны выраб прадукцыі СМІ — працу без акрэдытацыі на карысць тэлеканала “Белсат”.

Міліцыянты абвінавацілі карэспандэнтаў у парушэнні арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, аднак ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ужо шмат гадоў настойвае на тым, што судзіць журналістаў і аператараў па гэтым артыкуле неправамерна.

Бо адказнасць за працу без акрэдытацыі ў Беларусі не прадугледжана. Нягледзячы на гэта толькі сёлета журналістаў за супрацоўніцтва з “Белсатам” штрафавалі ўжо 30 разоў. Усе сённяшнія працэсы адбыліся ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска.

Судзіў усіх чатырох журналістаў Іван Касцян.

10:00 Cправы Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Сяргея Кавалёва разглядалі разам, паводле пратаколаў журналісты нібыта парушылі закон "Аб СМІ", працавалі без акрэдытацыі. У справе ёсць пратакол абследавання сайта тэлеканала "Белсат", якое праводзілася ў міліцыі. Агулам суд разглядаў чатыры эпізоды (па два ў кожнага з журналістаў). Гэта пратаколы за сюжэты пра Дзень незалежнасці і Дзень дэсантніка.

У выніку Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Сяргей Кавалёў былі пакараныя штрафамі: кожны з іх мусіць сплаціць дзяржаве па 50 базавых велічынь (па 1 150 рублёў).

Алеся Сіліча і Марыю Арцыбашаву пачалі судзіць а 15 гадзіне.

Алесь і Марыя прыйшлі ў суд. Суддзя зачытаў матэрыялы справы, журналісты даюць паказанні.

Арцыбашава заявіла хадайніцтвы аб вядзенні працэсу на беларускай мове. Суддзя хадайніцтва задаволіў, вядзе суд па-беларуску.

Марыя Арцыбашава расказала пра акалічнасці справы, падкрэсліла, што яна журналіст-фрылансер і не абавязана мець акрэдытацыю.

Алесь Сіліч таксама даў паказанні, паведаміў, што пратакол па арт. 22.9 КаАП складаўся без яго прысутнасці. Таксама падкрэслівае, што ён не замежны журналіст, не працуе ў штаце "Белсата" і не абавязаны мець акрэдытацыю.

Сіліч заявіў, што судзіць журналістаў паводле артыкула 22.9 КаАП — незаконна, ён перадаў суду абгрунтаванне неправамернасці прыцягнення журналістаў па дадзеным артыкуле. Суддзя перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы.

А 15.28 быў аб'яўлены перапынак для вынясення прысуду.

Суддзя Іван Касцян зачытаў рашэнне суда: Марыя Арцыбашава  і Алесь Сіліч вінаватыя ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП Беларусі.

Арцыбашава і Сіліч пакараныя штрафамі ў 35 базавых велічынь (805 рублёў) кожны.

Такім чынам толькі сёння журналісты аштрафаваныя на агульную суму 3 910 рублёў.

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП 2014-2017 гг.

Правілы выкарыстання інфармацыі сайта ГА "БАЖ"

">