НЕ - ВАЙНЕ!
893

У Мінск прыбыў спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс

09.03.2016 Крыніца: Таццяна Каравянкова, БелаПАН

Стаўрас Ламбрынідзіс прыбыў у Мінск вечарам 8 сакавіка. Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага МЗС, візіт спецпрадстаўніка ЕС па правах чалавека "арганізуецца ўпершыню ў мэтах садзейнічання далейшаму развіццю дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, які быў адноўлены ў ліпені 2015 года".

Як паведаміла прэс-служба прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, падчас візіту, што будзе доўжыцца да 11 сакавіка, Ламбрынідзіс сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, палітычных партый, грамадзянскай супольнасці і праваабаронцамі.

На 9 сакавіка запланаваная сустрэча Ламбрынідзіса са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам. Асаблівая ўвага ў час сустрэчы будзе нададзеная пытанням развіцця дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і ЕС, паведаміла прэс-служба ніжняй палаты парламента.

10 сакавіка спецпрадстаўнік ЕС возьме ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па праблеме смяротнага пакарання ў мінскім гатэлі "Рэнесанс". Мерапрыемства арганізаванае прадстаўніцтвам ААН у Беларусі пры фінансавай падтрымцы пасольства Вялікабрытаніі. Удзельнікамі канферэнцыі таксама стануць спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, старшыня камітэта па замежных справах Палаты дэпутатаў Чэхіі Карал Шварцэнберг, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха і шэраг замежных экспертаў.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне. З-за гэтай прычыны Беларусь таксама з'яўляецца адзінай еўрапейскай краінай, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы.

За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі было вынесена 406 смяротных прысудаў, прычым два апошнія — за няпоўныя два месяцы гэтага года. Адзін з іх быў вынесены 15 лютага, у дзень зняцця Еўрасаюзам санкцый у дачыненні да Беларусі, нягледзячы на тое што ў рашэнні Савета ЕС аб зняцці санкцый асобным радком гаворыцца пра неабходнасць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне як першага кроку да яго поўнай адмены.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!