450

У межах расьсьледаваньня «беларускага сьледу» ў забойстве Паўла Шарамета фігуруюць два сьведкі

16.11.2021 Крыніца: Алена Літвінава / "Радыё Свабода"

Колішні міністар унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў заяўляе, што падазраваныя ў забойстве журналіста Паўла Шарамета маглі супрацоўнічаць з СБУ і ня ведаць, супраць каго іх выкарыстоўваюць у падрыхтоўцы і арганізацыі злачынства.

«Маё меркаваньне, што ўсе гэтыя людзі былі выканаўцамі. І менавіта гэты эпізод і накіравалі ў суд — што яны выканаўцы. Яны маглі ведаць, а маглі і ня ведаць да канца, у дачыненьні каго яны гэта робяць. Хто ім гэтую справу заказаў, паводле якой працэдуры — гэта асобная размова. Яна выдзеленая ў асобную вытворчасьць», — сказаў Арсэн Авакаў у інтэрвію ўкраінскаму Інтэрнэт-выданьню «Українська правда».

Экс-міністар дадаў, што ў расьсьледаваньні імавернага «беларускага следу» ў сьледзтва ёсьць два сьведкі.

«Калі датычна заказчыка, калі датычна беларускага сьледу, які атрымаў сваё разьвіцьцё, у нас зьявілася два сьведкі, якія пачалі дадаткова даваць паказаньні. Гэта таксама вывучаецца».

Аднак ён не ўдакладніў прозьвішчы гэтых сьведкаў. Раней статус сьведкі ў гэтай справе атрымаў былы намесьнік камандзіра баявой групы «Алмаз» Ігар Макар. Яго дапыталі сёлета ў студзені пасьля публікацыі гуказапісу 2012 году, у якім фігуруюць беларускія спэцслужбы. 

На пытаньне, ці лічыць Арсэн Авакаў, што падазраваныя Андрэй Антоненка, Юлія Кузьменка і Яна Дугар супрацоўнічалі са Службай бясьпекі Ўкраіны, колішні міністар адказаў: «Маю такую далёкую думку».

Арсэн Авакаў падкрэсьліў, што і цяпер не атрымаў ніякіх дадатковых фактаў, якія б дазволілі сумнявацца ў датычнасьці падазраваных да забойства журналіста. «Нічога не зьмяніла майго пункту гледжаньня. Я мяркую, што ўсе гэтыя факты мусіць ацаніць суд».

Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст, выканаўчы дырэктар «Українськой правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ад выбуху машыны ў цэнтры Кіева.

Імёны падазраваных у арганізацыі і забойстве беларускага журналіста назвалі 12 сьнежня 2019 году на брыфінгу Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. На наступны дзень пасьля брыфінгу ўсіх траіх падазраваных затрымалі:

Андрэй Антоненка. Музыка, добраахвотнік, службовец Сілаў спэцыяльных апэрацый Узброеных сілаў Украіны. Сёлета ў красавіку вызвалены пад хатні арышт пасьля таго, як 505 дзён адседзеў у сьледчым ізалятары.

Юлія Кузьменка. Хірург-кардыёляг, вайсковая лекарка, працавала ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Вызваленая пад хатні арышт у жніўні 2020-га, адседзела ў СІЗА больш за 7 месяцаў.

Яна Дугар. Вайсковая мэдсястра. Ад пачатку ўтрымлівалася пад начным хатнім арыштам, а летась суд зьняў зь яе і электронны бранзалет (дапамагае дыстанцыйна адсочваць усе перамяшчэньні асобы, у дачыненьні да якой праводзіцца сьледзтва).

Усе трое адмаўляюць сваю датычнасьць да забойства. З верасьня 2020 году іхную справу разглядае суд. Справу аб арганізатарах, заказчыках і мэханізмах выкананьня злачынства іншымі саўдзельнікамі выдзелілі ў асобнае вядзеньне ў чэрвені 2020 году. Яе дагэтуль расьсьледуюць.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!