499

«У мамы ў камэры 8 чалавек, у брата — 13». Кіраўніцтва «Прэс-клюбу» за кратамі ўжо 14 дзён

04.01.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Юлію Слуцкую і шэраг іншых супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і спрыяньні гэтаму.

 

Абвінавачаньні заснавальніцы «Прэс-клюбу» Юліі Слуцкай, а таксама яго фінансаваму дырэктару Сяргею Альшэўскаму, праграмнай дырэктарцы Але Шарко, апэратарам Пятру Слуцкаму і Дзянісу Сакалоўскаму былі прад’яўленыя 31 сьнежня. Усе яны ўтрымліваюцца пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Кіраўнік Акадэміі «Прэс-клюбу», грамадзянін Расеі Сяргей Якупаў, у той жа дзень быў пад канвоем дастаўлены у менскі аэрапорт і дэпартаваны з краіны. Як расказаў Свабодзе сам Якупаў, яму не было прад’яўлена абвінавачаньня, ён мае статус свабоднага чалавека, усе падазрэньні зь яго зьнятыя. Камэнтаваць сытуацыю ён пакуль не гатовы.

Дачка Юліі Слуцкай і сястра Пятра Слуцкага Аляксандра кажа, што асаблівых навінаў наконт абвінавачаньня і расьсьледаваньня справы пакуль няма. Адвакаты маюць магчымасьць бачыць сваіх падабаронных.

«У мамы ў камэры сем чалавек, — расказвае Аляксандра. — Яна восьмай прыйшла туды, ёй заставалася верхняя шконка. У мамы хворая сьпіна, ёй цяжка было туды залазіць і злазіць. Але дзяўчаты ў камэры добрыя, яны зь ёй памяняліся. Цяпер у мамы хаця б зручная шконка».

Аляксандра кажа, што маці нават прасіла не перадаваць ёй столькі ежы.

«Бо ня выйдзе зь СІЗА, не пралезе ў дзьверы. Такія жарты, — кажа дзяўчына. — Мама настроеная канструктыўна. Стараецца не засмучацца ад таго, чаго ня можа зьмяніць. Робіць гімнастыку па магчымасьці. Месца ў камэры няма, таму некаторыя практыкаваньні даводзіцца рабіць на шконцы. Любы паход у лазьню альбо да адваката таксама стараецца пераўтварыць у нейкую гімнастыку».

Таксама Аляксандра расказвае, што на сьвяточныя дні пра маці ў яе ёсьць гісторыя пра тайнага Санту.

«Мы павінны былі ладзіць карпаратыў, я пошту сваю праверыла 23 сьнежня. І там аўтаматычная рассылка даслала мне паведамленьне «Прывітаньне, я Юлія Слуцкая, ты мой тайны Санта. Так што вось у мяне атрымалася пагуляць у тайнага Санту», — кажа яна.

Па словах Аляксандры Слуцкай, разам з жонкай Сяргея Альшэўскага яны абмяркоўвалі затрыманьне сваіх блізкіх і выстаўленыя ім абвінавачваньні. Гатовыя цалкам кампэнсаваць нанесеную дзяржаве шкоду, калі яна была.

«У Пятра ў камэры 13 чалавек, — расказвае Аляксандра Слуцкая пра ўмовы, у якіх утрымліваюць яе брата. — Таксама абстаноўка даволі пазытыўная. Усе хлопцы добрыя. Пятро трымаецца. Але ён увогуле не разумее, што адбываецца. У Пятра быў адвакат, ён яму патлумачыў, што і як, як трэба сябе паводзіць. Пятро ўвогуле ня ў тэме, як той казаў».

Юлія Слуцкая і іншыя супрацоўнікі «Прэс-клюбу» прабудуць пад вартай мінімум да 22 лютага. Акрамя іх на гэты момант пад вартай у крымінальных справах утрымліваюць журналістку парталу Tut.by Кацярыну Барысевіч, супрацоўніц «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, а таксама былую карэспандэнтку БТ Ксенію Луцкіну, якую затрымалі ў адзін дзень з кіраўніцтвам «Прэс-клюбу».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!