757

У Маладзечне і Лідзе затрымалі журналістаў Белсата, забралі тэхніку. Агулам шэсць чалавек, усіх адпусцілі ўначы

31.07.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Маладзечне і Лідзе затрымалі журналістаў тэлеканала "Белсат" падчас стрыму. Журналісты вялі трансляцыі з перадвыбарчых мітынгаў Святланы Ціханоўскай.

Змітра Міцкевіча і Дзяніса Дзюбу затрымалі падчас стрыма ў Маладзечна. Міліцыянты не патлумачылі прычыну затрымання, не прадставіліся, адразу загадалі выключыць камеру. Пазней міліцыянты пашкодзілі камеру журналістаў.

Вядома, што Міцкевіч і Дзюба дастаўленыя ў аддзяленне міліцыі Маладзечна па адрасу вул. Галіцкага, 23.

Калегі пазванілі ў РАУС Маладзечна. Ім паведамілі, што праводзіцца разбіральніцтва паводле арт. 22.9 КаАП. На заўвагу, што мінула больш за 3 гадзіны, кінулі слухаўку.

Міцкевіча і Дзюбу пратрымалі ў пастарунку больш за тры гадзіны, адпусцілі каля 23-й гадіны. Склалі пратаколы паводле арт. 22.9 КаАП. Забралі для экспертызы смартфоны і іншую тэхніку. Тэхніку ў журналістаў "Белсата" апошнім часам забіралі ў Гродне і ў Бабруйску.

Таксама ў Маладзечне былі затрыманыя журналісты Марыя Арцыбашава і Алесь Сіліч. На Алеся Сіліча як на кіроўцу аўтамабіля склалі пратакол за налепку на машыне з бел-чырвона-белай сімволікай, выпісалі штраф на 5 базавых велічынь (арт. 18.12 КаАП). Пасля чаго журналістаў адпусцілі.

У Лідзе таксама вечарам затрымалі журналістаў "Белсата" — Уладзімера Лунёва і Галіну Абакунчык. Журналісты вялі стрым з перадвыбарчага  мітынгу Святланы Ціханоўскай. Гэтыя сустрэчы з выбарцамі былі ўзгодненыя з уладамі.

Галіну Абакунчык і Уладзімера Лунёва адпусцілі пасля 12-й ночы. Былі прэтэнзіі да нясплочаных штрафаў паводле арт. 22.9 КаАП у спадарыні Галіны. Таксама забралі смартфоны, склалі новыя пратаколы паводле арт. 22.9 КаАП.

Журналістаў пратрымалі ў пастарунку каля пяці гадзін. Галіна і Уладзімер пакінулі скаргі на дзеянні міліцыянтаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!