717

У Маладзечне абмяркоўвалі, як журналістам не сеяць варожасць у сваіх тэкстах

19.12.2017 Крыніца: Зоя Хруцкая для www.baj.by

Чаму тэма бежанцаў актуальная для Беларусі і чаму журналістам варта пазбягаць мовы варожасці, абмеркавалі падчас трэнінгу ў рэдакцыі “Рэгіянальнай газеты” ў Маладзечне.

Пра тое, як словы журналістаў змяняюць грамадства, расказаў прадстаўнік ініцыятывы “Журналісты за талерантнасць” Раман Стэфаненка.

Адзін з накірункаў дзейнасці ініцыятывы — маніторынг беларускіх СМІ. Яго робяць з мэтаю ацаніць узровень мовы варожасці. Мова варожасці — гэта моўныя практыкі, якія нараджаюць і замацоўваюць дыскрымінацыю ўразлівых сацыяльных груп.

Чаму журналістам варта пісаць талерантна?

Мова вызначае мысленне. Параўнайце вобразы, якія малююцца словамі “шпіён” і “разведчык”. А фактычна гэта адзін і той жа чалавек.

Так форма вызначае змест, і журналісты нясуць адказнасць за словы, якія выбіраюць, і за тое, што гэтыя фармуліроўкі пакідаюць у свядомасці чытача.

Тыповы прыклад неталерантнасці, з якім сутыкаліся ўсе

“Цыган скраў каня ў вёсцы пад Маладзечнам”. Здаецца, аўтар нічога кепскага не зрабіў, ну, праўда ж цыган скраў. Аднак чытач, пабачыўшы некалькі навін пра злодзеяў-цыганаў, уяўляе цыган выключна злодзеямі. І калі сустрэне цыгана ў жыцці, спрацуе стэрыятып, паводле якога да любога прадстаўніка гэтай нацыянальнасці чытач будзе ставіцца з асцярогай, хаця той не мае ніякай віны.

Ніхто не піша “Нецвярозы беларус разбіў чатыры шыбы”, калі ж гэта быў расіянін, дэталь наўрад ці абмінулі б. У крымінальных навінах указанне нацыянальнасці ці прыналежнасці да сацыяльнай групы рэдка мае сэнс, а таму і падкрэсліваць яе не трэба. Крадуць коней злодзеі, а не цыганы, шыбы разбіваюць хуліганы, а не расіяне, вінаватыя ў аварыях кепскія кіроўцы, а не бландынкі.

Стэфаненка раіць журналістам разбіваць стэрыятыпы, паказваць свет ва ўсёй шматграннасці, а не працягваць штампаваць шаблоны. У тых жа цыган ёсць іншыя бакі жыцця, што варта было б паказаць на старонках прэсы. Асвятляць усе аспекты рэальнасці — задача журналіста.

Калі мы пішам загалоўкі з серыі “Нелегал абакраў краму”, мы ставім цаглінку ў сцяну непрыняцця бежанцаў краінай. Таму што чытачы, звяртаючы ўвагу на навіны пра мігрантаў у негатыўным святле, паступова развіваюць думку: “Для чаго нам наогул гэтыя мігранты, хай так куды едуць”. І ў выніку атрымліваем неталерантнае, нячулае грамадства.

Эксперт раіць наогул адмовіцца ад выразу “нелегал” і ўжываць замест яго “незадакументаваны мігрант”. Маладзечанскія журналісты заўважылі, што такі выраз моцна ўзгрувашчыць загаловак. На што Стэфаненка заўважыў: трэба выбіраць, што важней, шукаць іншыя факты для прыцягнення ўвагі, якія не будуць распаўсюджваць варожасць у галовах чытачоў.

У Беларусі бежанцаў адзінкі, але тэма тычыцца тысяч

Арганізатар сустрэчы, намеснік дырэктара Цэнтра падтрымкі бежанцаў Андрусь Клікуноў распавёў пра тое, чаму тэма мігрантаў актуальная для Беларусі.

Бежанцы — гэта людзі, якія абгрунтавана баяцца, што могуць стаць ахвярамі пераследу паводле прыкметаў расы, веравызнання, грамадзянства, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы, сексуальнай арыентацыі або палітычных поглядаў. Гэта паняцце вызначаецца пагрозамі, якія вызнае чалавек у краіне паходжання.

У Беларусі мігранты могуць атрымаць статус бежанца ці так званую дадатковую часовую абарону.

Ахвотныя атрымаць статус бежанца павінны напісаць запыт. Дзяржава можа задаволіць просьбу, а можа абмежавацца дадатковай абаронай Атрымаўшы апошні варыянт, цягам года мігрант атрымлівае права на часовае знаходжанне, магчымасць вучыцца ці працаваць, мінімальную сацыяльную падтрымку. Але гэтая падтрымка меншая, чым для бежанцаў, і штогод чалавек мусіць нанова падаваць тлумачэнне, чаму ён усё яшчэ мае патрэбу ў абароне.

Для мігрантаў важна мець магчымасць заставацца ў краіне, колькі патрэбна, а ў перспектыве падаваць заяву на грамадзянства. Гэта магчыма толькі для бежанцаў. Да таго ж, людзей з гэтым статусам дзяржава абавязваецца інтэграваць у грамадства.

У Еўропе існуюць квоты па размяшчэнні бежанцаў у розных краінах. Падобныя квоты ёсць і ў Беларусі — да 800 чалавек на год могуць быць прынятыя як бежанцы ці атрымаць часовую дадатковую абарону.

Летась запыты на атрыманне статуса ў Беларусі падалі 788 асобаў, сёлета за першае паўгоддзе — 243 заявы. Сярод лідараў у мінулым годзе мігранты з Украіны, ад якіх паступіла 637 заяў. На наступнай пазіцыі па колькасці заявы выхадцаў з Сірыі, за 2016 год ад іх атрымана 21 заява. Прашэнні аб бежанстве за апошнія два гады падавалі таксама мігранты з Ірака і Афганістана.

Беларускія ж улады задавольваюць прашэнні аб статусе бежанства для адзінак, а вось дадатковую абарону "выдаюць"  часцей. Летась статус набылі 3 асобы, за паўгода 2017 года — 1. Дадатковая абарона была задаволеная летась у 607 выпадках. Гэта 565 мігрантаў з Украіны, 21 з Емена, 10 з Сірыі. Сёлета за паўгода прынялі 295 чалавек.

Статыстыку па мігрантах і бежанцах журналісты могуць знайсці на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

У Беларусі актуальная тэма транзітных мігрантаў. Нямала выхадцаў з Чачні, якія баяцца пераследу і не могуць заставацца ў Расіі, таму праз Беларусь шукаюць спосаб трапіць на Захад. Ім дапамагае недзяржаўная арганізацыя Нumen constantа.

Часам такіх мігрантаў абвінавачваюць у тым, што шукаюць лепшага жыцця. Арганізацыя працавала з жанчынай, якая шукала прытулку ў Польшчы і тлумачыла гэта тым, што мае патрэбу ў лячэнні. Пасля высветлілася, што яе хваробу выклікалі катаванні, перанесеныя ў Чачні.