1245

У Магілёве журналісты вучыліся выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для прамоўцыі медыя

27.02.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Магілёве адбыўся майстар-клас Паўлюка Быкоўскага. Сябры ГА “БАЖ” з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны атрымаць карысныя парады ад медыя-эксперта, як прасоўваць у сацыяльных сетках уласныя журналісцкія матэрыялы ды інтэрнэт-рэсурсы.

Падчас трэнінгу былі разгледжаны важныя для журналістаў Магілёўшчыны тэмы — "Патрабаванні для стварэння кантэнту ў найбольш папулярных сацыяльных сетках" і "Метады прасоўвання ў сацыяльных сетках, не звязаныя з рэкламай".

Удзельнікаў трэнінга асабліва зацікавіла інфармацыя пра тое, якім чынам неабходна змяшчаць у сацыяльных сетках спасылкі на публікацыі і фота- відэаматэрыялы, каб прывабіць чытачоў да наведвання інтэрнэт-рэсурса. Таксама карыснымі журналісты палічылі парады Паўлюка Быкоўскага адносна таго, як выкарыстоўваць канкрэтныя асаблівасці аўдыторыі ў розных сацыяльных сетках. Медыя-эксперт зрабіў разгорнуты аналіз, якая аўдыторыя наведвае тую ці іншую сацыяльную сетку, з якой мэтай карыстальнікі гэта робяць, і даступна патлумачыў, якім чынам журналісты могуць выкарыстоўваць гэтыя веды для прасоўвання ўласных матэрыялаў ды інтэрнэт-рэсурсаў.

Сустрэча ў Грамадскім цэнтры “Кола” у Магілёве працягвалася больш за пяць гадзін. Ужо пасля сканчэння трэнінга яго ўдзельнікі яшчэ доўга не адпускалі Паўлюка Быкоўскага, імкнучыся атрымаць адказы на розныя пытанні і выслухаць яго парады адносна развіцця рэгіянальных інтэрэт-рэсурсаў.

Удзел у майстар-класе Паўлюка Быкоўскага прынялі два дзесятка журналістаў з розных рэгіянальных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў — “Магілёўскі рэгіён”, “Вольны горад”, “УзГорак”, masheka.by і іншых.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!