НЕ - ВАЙНЕ!
761

У Магілёве журналісты адзначылі нізкую цікаўнасць грамадзян да выбараў

19.09.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сябры ГА “БАЖ” з Магілёўскай вобласці абмеркавалі ход і вынікі выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў падчас сустрэчы прэс-клубу. Па выніках выбарчай кампаніі пытанні ёсць не толькі да ўладаў, але і да кандыдатаў. Большасць з якіх унікала прамога кантакту з выбарцамі.
 

Удзел у дыскусіі бралі амаль тры дзесяткі чалавек з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны. Сваімі думкамі наконт мінулай электаральнай кампаніі, акрамя журналістаў, дзяліліся кандыдаты ў дэпутаты, іх давераныя асобы, назіральнікі і адзін са старшынь участковых выбарчых камісій.

Журналісты і запрошаныя госці пагадзіліся з тым, што сапраўдных вынікаў галасавання не ведае ніхто, бо працэдура падліку галасоў застаецца закрытай. Нават шараговыя сябры ўчастковых выбарчых камісій ведаюць толькі тую лічбу, якую агалошвае яе старшыня.

Таксама была адзначаная нізкая актыўнасць большасці дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты ў Магілёўскай вобласці на мінулых парламенцкіх выбарах. Некаторыя з іх пасля рэгістрацыі фактычна зніклі з поля зроку як журналістаў, так і выбаршчыкаў. Іншыя абмежаваліся выступамі па радыё і тэлебачанню, ды тым, што надрукавалі свае перадвыбарчыя праграмы ў раённых ды гарадскіх газетах.

Некалькі кандыдатаў свае перадвыбарчыя кампаніі праводзілі толькі ў інтэрнэце і праз сацыяльныя сеткі, цалкам праігнараваўшы непасрэдныя кантакты з людзьмі. І толькі лічаныя асобы з дэмакратычных кандыдатаў Магілёўшчыны сапраўды паўнавартасна ўдзельнічалі ў выбарчым працэсе — праводзілі сустрэчы з выбаршчыкамі, ладзілі пікеты, ездзілі па сваіх выбарчых акругах і размаўлялі з людзьмі.

Таксама журналісты Магілёўшчыны канстатавалі зніжэнне цікавасці да выбараў з боку шараговых грамадзян. Большасць жыхараў вобласці паставіліся да гэтай падзеі абыякава, бо людзі не вераць, што іх галасы хоць нешта вырашаюць. І нават дзеючым уладам давядзецца нешта рабіць, каб змяніць існуючую сітуацыю.

Мерапрыемства ў Магілёве традыцыйна прайшло ў мясцовым Грамадскім цэнтры “Кола”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!