355

У Магілёве журналіста Аляксандра Сідарэўскага затрымалі проста каля будынка суда

11.11.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Магілёве 10 лістапада каля будынка суда Кастрычніцкага раёна Магілёва быў затрыманы журналіст-фрылансер Аляксандр Сідарэўскі. Супрацоўнікі міліцыі схапілі яго і адразу ж павезлі яго ў ізалятар часовага ўтрымання для адбыцця раней накладзенага адміністрацыйнага арышту.

Аляксандр Сідарэўскі 10 лістапада разам з іншымі магілёўскімі журналістамі прыйшоў у суд Ленінскага раёна Магілёва, дзе павінен быў адбывацца адміністрацыйны працэс над іх калегам, журналістам інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Алесем Сабалеўскім па абвінавачванні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП).

Падтрымаць Сабалеўскага сабралася даволі шмат людзей, аднак суддзя Таццяна Касцюк адмовілася праводзіць судовае пасяджэнне ў зале, і пачала разглядаць справу ва ўласным кабінеце. Туды здолелі, акрамя Сабалеўскага, патрапіць толькі чатыры чалавекі.

Алесь Сідарэўскі вырашыў пачакаць заканчэння судовага слухання ў аўтамабіле, дзе і быў затрыманы міліцыянтамі.

Яшчэ 12 кастрычніка суддзя Магілёўскага раёна Максім Курпачэнка пакараў яго 15 суткамі адміністрацыйнага арышту за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях (ч. 3 арт. 23.34 КаАП). З іх журналіст адбыў толькі трое сутак.

Навошта магілёўскім праваахоўнікам спатрэбілася 10 лістапада знянацку затрымліваць Сідарэўскага і адразу везці яго ў ІЧУ, абсалютна незразумела. Журналіст ніякім чынам не хаваўся і не ўхіляўся ад адбыцця накладзенага адміністрацыйнага пакарання.

Пасля сканчэння судовага пасяджэння па справе Сабалеўскага наўпрост каля выхаду з кабінета суддзі Касцюк супрацоўнік міліцыі ўручыў позву яшчэ адной журналістцы — Аліне Скрабуновой. Яе выклікаюць на 25 лістапада ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва для складання пратакола паводле арт. 22.9 КаАП (праца на замежнае СМІ без акрэдытацыі ў МЗС Беларусі).

Дарэчы, 11 лістапада а 16:15 у судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва павінна разглядацца адміністрацыйная справа ў дачыненні Аляксандра Сідарэўскага за парушэнне таго ж самага артыкула 22.9 КаАП. Зараз не зразумела, ці адбудзецца разгляд гэтай справы сёння.

Разгляд справы журналіста “Магілёўскага рэгіёна” Алеся Сабалеўскага будзе працягнуты 12 лістапада ў 14:30. Суддзя Касцюк адклала прыняццё рашэння, бо 10 лістапада ў судзе было відавочна, што прадстаўленае міліцыяй відэа абсалютна не адпавядае апісанню правапарушэння, якое інкрымінуецца Алесю Сабалеўскаму. Таксама журналісту не быў прадастаўлены пратакол адміністрацынага правапарушэння на азнаямленне, а потым у ім напісалі, нібыта Сабалеўскі адмовіўся ад подпісу.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!