342

У Магілёве затрымалі выдаўцоў і распаўсюднікаў незарэгістраванай газеты

05.02.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

У Магілёве затрымалі выдаўцоў і распаўсюднікаў незарэгістраванай газеты. Шмат хто з іх атрымаў штрафы, некаторыя знаходзяцца пад вартай.

“У ходзе праверкі супрацоўнікі органаў унутраных спраў устанавілі і затрымалі восем чалавек за незаконны выраб і распаўсюд друкаванай прадукцыі, у тым ліку ўжо і ў студзені гэтага года”, — паведамляе сайт УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Згодна інфармацыі магілёўскай міліцыі, у дачыненні да ўсіх затрыманых былі складзеныя пратаколы, некаторых з іх ужо прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў у памеры 1160 і 1450 рублёў, астатнія чакаюць рашэння суда. На адабраную ў іх маёмасць  накладзены арышт да выплаты штрафаў.

Адна з жанчын, якая раней была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці з выплатай штрафу за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, цяпер затрыманая па падазрэнні ў дачыненні да вырабу і размяшчэнню на пуцеправодах “цынічна падпісаных лялек з асобамі чыноўнікаў”.

Паводле звестак службы маніторынгу ГА “БАЖ”, у незарэгістраванай газеце сапраўды былі ўказаны не ўсе дадзеныя пра яе выдаўца і наклад, як таго патрабуе Закон аб СМІ.

Міліцыянты здолелі выйсці на распаўсюднікаў выдання праз іх тэлеграм-чат, і зараз настойліва шукаць датычных да распаўсюду ў рэгіёнах Магілёўскай вобласці, кажуць інфармаваныя крыніцы.

За дапамогай да магілёўскіх праваабаронцаў затрыманыя і аштрафаныя выдаўцы і распаўсюднікі незарэгістраванай газеты пакуль не звярталіся.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!