1235

У Магілёве затрымалі рэдактара інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Змітра Салаўёва

23.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Змітра Салаўёва затрымалі сёння каля 11:30  ва ўласнай кватэры. Пра сваё затрыманне ён паспеў паведаміць журналістам партала.

Па звестках журналістаў 6tv.by, Салаўёва даставілі ў Ленінскі РАУС Магілёва, дзе пратрымалі да вечара. Верагоднай прычынай затрымання з’яўляецца абвінавачанне ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Зміцер прысутнічаў на некалькіх акцыях пратэсту ў Магілёве ў якасці журналіста.

У 19:30 стала вядома, што Змітра накіравалі ў  ізалятар часовага ўтрымання Магілёўскага аблвыканкама. Пра гэта жонцы журналіста, Надзеі Салаўёвай, паведаміў магілёўскі грамадскі актывіст Леанід Платоненка.

Платоненка таксама быў затрыманы сёння раніцай і да вечара знаходзіўся ў Ленінскім РАУС Магілёва. Там ён пабачыў Салаўёва, які паведаміў, што яго накіроўваюць у ІЧУ.

Нагадаем, што Змітра Салаўёва ўжо затрымлівалі 8 жніўня, напярэдані прэзідэнцкіх выбараў. 11 жніўня наўпрост у памяшканні ізалятара суд у закрытым рэжыме пакараў журналіста 8 суткамі арышту нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Увесь тэрмін зняволення Салаўёў трымаў галадоўку.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!