320

У Магілёве затрымалі і будуць судзіць журналіста Міхаіла Аршынскага

08.05.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Магілёве вечарам 7 мая супрацоўнікі міліцыі затрымалі  журналіста і блогера Міхаіл Аршынскі.

Пра сваё затрыманне Міхаіл Аршынскі змог паведаміць магілёўскаму праваабаронцу і журналісту Аляксандру Буракову (малодшаму). Пасля затрымання супрацоўнікі міліцыі даставілі Аршынскага ў Ленінскі РАУС Магілёва.

Паводле інфармацыі магілёўскіх праваабаронцаў,  Аршынскі быў затрыманы «за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі». З аналагічным абвінавачаннем затрыманы і журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач.

Праваабаронца Барыс Бухель паведаміў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”, што каля 23.00 Міхаіла Аршынскага даставілі ў Магілёўскі ІЧУ, дзе ён правёў ноч у чаканні суда. Праваабаронцы мяркуюць, што падставай для затрымання стала тое, што журналіст рабіў стрым з акцыі ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага каля ІЧУ ў Магілёве пасля яго затрымання 6 мая.

Пасля затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага (блог «Страна для жизни») 6 мая побач з ІЧУ ў Магілёве сабраліся каля 100 чалавек, якія хацелі выказаць яму падтрымку.

Міхаіл Аршынскі выклаў у інтэрнэт відэазапіс падзеях 5 мая ў Магілёве, калі некалькі дзясяткаў магілёўцаў не далі супрацоўнікам міліцыі затрымаць прыхільніка Сяргея Ціханоўскага на Віцебскім праспекце.

Магілёўскім праваабаронцам стала вядома, што акрамя Міхаіла Аршынскага ў горадзе затрыманыя яшчэ мінімум чацвёра ўдзельнікаў акцыі 5 мая.

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, затрыманыя Сцяпан Лазаронак, Вячаслаў Зайцаў, Арцём Сакаў і вядучы стрыму блогер Уладзімір Няронскі, які замяніў Сяргея Ціханоўскага на сустрэчы з магілёўцамі.

Барыс Бухель адзначыў, што сёння з раніцы праваабаронцы дзяжураць у судах Магілёва, каб даведацца пра тое, якое пакаранне будзе вынесена Міхаілу Аршынскаму і іншым затрыманым.

Міхаіл Аршынскі —  вядомы магілёўскі журналіст-відэаператар, як фрылансер ён супрацоўнічае з шэрагам незалежных СМІ. Таксама Аршынскі вядзе ўласны відэаблог, які мае больш за 10 тысяч падпісчыкаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!