1484

У Магілёве за сюжэт пра дабрачыннасць судзяць журналістку-фрылансера Аліну Скрэбунову

06.09.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

5 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы журналісткі-фрылансера Аліны Скрэбуновай.

Журналістку абвінавацілі “ва ўдзеле ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ” з-за відаэсюжэта, што выйшаў на тэлеканале “Белсат” 15 ліпеня 2017 года. У сюжэце распавядалася пра дабрачыннае мерапрыемства Магілёўскага таварыства аховы жывёл “Добрае сэрца”. 25 жніўня 2017 года ўчастковы інспектар Кастрычніцкага РАУС г. Магілёва Уладзімір Шчарбакоў склаў на Аліну Скрэбунову адміністрацыйны пратакол за парушэнне ч.2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь.

Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Наталля Ясенка выслухала хадайніцтвы Аліны Скрэбуновай аб спыненні справы з-за памылак пры складанні пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні і аб неабходнасці выклікаць у суд сведку, якая дала недакладныя сведчанні супрацоўнікам міліцыі. Наталля Ясенка паведаміла, што па першым хадайніцтве прыме рашэнне падчас разгляду адміністрацыйнай справы, другое хадайніцтва Аліны Скрэбуновай яна задаволіла.

У сваім выступе ў судзе журналістка падкрэсліла, што не лічыць сябе вінаватай у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння. А. Скрэбунова адзначыла, што пераслед за журналісцкую дзейнасць з’яўляецца прамым парушэннем правоў чалавека, якія замацаваныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Пасля выступу Скрэбуновай суд заслухаў сведку Вольгу Карэнную. Жанчына падкрэсліла, што асабіста з Алінай Скрэбуновай незнаёмая і не можа сказаць дакладна, ці менавіта Аліна брала ў яе інтэрв'ю, бо ў дабрачынным мерапрыемстве ўдзельнічала шмат людзей.

Другая сведка, кіраўнік магілёўскага таварыства абароны жывёл «Добрае сэрца» Святлана Ярмоленкава, на судовае пасяджэнне не з’явілася. Таму суддзя Ясенка вырашыла зрабіць перапынак у пасяджэнні да 7 верасня. Наступнае пасяджэнне мусіць пачацца а 14.30.

Аліна Скрэбунова не лічыць сябе вінаватай у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння і звязвае пераслед з боку міліцыі з кампаніяй ціску на тэлеканал “Белсат”.

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель мяркуе, што падобныя справы ў дачыненні да незалежных журналістаў парушаюць правы грамадзян на свабодны збор і распаўсюд інфармацыі, гарантаваныя артыкулам 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісанымі нашай краінай міжнароднымі пагадненнямі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!