238

У Магілёве ў Сусветны дзень свабоды прэсы бажаўцы раздавалі спецвыпуск “Народнай Волі”

04.05.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

3 мая магілёўскія бажаўцы віншавалі мясцовых жыхароў з Сусветным днём свабоды прэсы. Журналісты Аляксандр Буракоў (старэйшы) і Барыс Вырвіч раздалі некалькі соцен экзэмпляраў газеты “Народная Воля”, якія прысвечаны свабодзе прэсы ў Беларусі.

У нумары газеты ад 30 красавіка 2019 года змешчаны адмысловы ўкладыш «Свабодная прэса: беларускія рэаліі», зроблены ў выніку сумеснага праекта “Народнай Волі” і Беларускай асацыяцыі журналістаў. На старонках спецпраекта распавядаецца пра тое, з якімі цяжкасцямі падчас сваёй працы сустракаюцца журналісты ў нашай краіны, як працуецца калегам у суседніх дзяржавах, можна азнаёміцца з інтэрв’ю старшыні БАЖ Андрэя Бастунца і міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча.

Журналісты раздавалі газету на пешаходнай вуліцы Ленінская у Магілёве. Месцічы пазітыўна паставіліся да акцыі бажаўцаў – усе асобнікі выдання разыйшліся літаральна за поўгадзіны. Таксама неакалькі дзесяткаў экзэмпляраў газеты з спецпраектам “Свабодная прэса: беларускія рэаліі” былі распаўсюджаны ў Бялынічах.

 Сусветны дзень свабоды прэсы адзначаецца штогод, пачынаючы з 1994 года.

З Сусветным днём свабоды прэсы, калегі!