606

У Магілёве сябры ўчастковай выбарчай камісіі скардзяцца на ціск з боку журналістаў

17.11.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Пра тое, што на старшыню ўчастковай выбарчай камісіі № 32 Магілёва чыніцца ціск, паведаміла БелТА, спасылаючыся на словы намесніцы старшыні выбарчай камісіі Вольгі Паповай. Крыху пазней гэтая інфармацыя з’явілася і на абласным інфармацыйным рэсурсе mogilevnews.by.

Намеснік старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Вольга Папова сцвярджае: “У шматкватэрным доме, дзе пражывае старшыня нашай камісіі, з'явіліся ўлёткі. У іх было напісана, што на ўчастку ўжо выбралі дэпутата і ўсё дзякуючы старшыні. Там жа быў надрукаваны хатні адрас і заклік прыцягнуць старшыню да адказнасці. Лісткамі абляпілі ўсе пад'езды шматпавярховага дома".

Па словах Вольгі Паповай, правакацыі на адрас старшыні выбарчай камісіі пачаліся падчас сустрэчы з кандыдатам у дэпутаты 13 лістапада. На ёй “хацелі прысутнічаць журналісты аднаго з замежных тэлеканалаў”. Свае пасведчанні яны даць адмовіліся. Пазней у інтэрнэце з'явіліся фота старшыні з непрыемнымі подпісамі і каментарамі да іх. Там жа змешчаны і відэазапіс.

Сустрэча з кандыдатам на дэпутацтва ад Магілёўска-Ленінскай акругі № 84 Ігарам Марзалюком ладзілася 12 лістапада ў актавай зале магілёўскай СШ № 12. На сустрэчу хацелі патрапіць магілёўскія журналісты, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат”. Дырэктар школы Марына Зубарэнка, якая адначасова з’яўляецца старшынёй участковай выбарчай камісіі № 32, і кандыдат у дэпутаты Ігар Марзалюк спрабавалі не дапусціць журналістаў да ўдзелу ў сустрэчы.

Марына Зубарэнка

Пазней ім усе ж дазволілі папрысутнічаць на сустрэчы Марзалюка з выбаршчыкамі, але пры гэтым забаранілі весці здымкі.

Паводле слоў саміх журналістаў, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Андрэй Лебедзеў і дырэктарка школы Марына Зубарэнка пагражалі выклікаць міліцыю.  Журналісты кажуць, што іх не хацелі пускаць на сустрэчу кандыдата ў дэпутаты з выбаршчыкамі праз адсутнасць акрэдытацыі.

Між тым, для здымкаў публічнай асобы ў публічным месцы не трэба аніякай акрэдытацыі.

Таму журналісты лічаць, што іх хацелі пазбавіць права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі. Яны накіравалі скаргу ў акруговую камісію на Марыну Зубарэнку, бо тая не пусціла іх з відэакамерай “на публічную сустрэчу, тым самым пазбавіўшы права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!