812

У Магілёве суд над журналісткай Алінай Скрэбуновай не адбыўся

09.11.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Разгляд адміністрацыйнай справы ў судзе быў перанесены на 14 лістапада, бо Аліна Скрэбунова не прыйшла на судовае пасяджэнне.

8 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Магілёва быў запланаваны адміністрацыйны працэс па справе журналісткі-фрылансеркі Аліны Скрэбуновай. Супрацоўнікі міліцыі склалі на яе тры пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за падрыхтоўку сюжэтаў для тэлеканала “Белсат”, якія з’явіліся на канале 9, 18 і 30 верасня. Журналістку абвінавачваюць “ва ўдзеле ў вырабе прадукцыі СМІ”, ёй інкрымінуюць парушэнне ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб прадукцыі СМІ).

Аліна Скрэбунова не з’явілася на судовае пасяджэнне па невядомых прычынах. У суд таксама не з’явіліся і двое сведкаў па яе адміністрацыйнай справе.

Суддзя Таццяна Касцюк усё ж распачала судовы працэс, падчас якога абвясціла аб пераносе разгляду справы на 14 лістапада.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначыў, што Аліна Скрэбунова не панясе пакарання за няяўку ў суд, бо ніякай адказнасці за гэта не прадугледжана. За правапарушэнне, якое прыпісваюць журналістцы, прадугледжаны максімум штраф.

Нагадаем, што ў верасні гэтага года Аліна Скрэбунова ўжо была пакараная штрафам у памеры 20 базавых велічынь (460 рублёў) згодна ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб прадукцыі СМІ) за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.