1271

У Магілёве распаўсюдніка незарэгістраванай газеты аштрафавалі на 35 базавых велічынь

08.02.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Суд Ленінскага раёна Магілёва 8 лютага пакараў штрафам у памеры 1015 рублёў магілёўца Алега Пахылага (Олега Похылого) за распаўсюд незарэгістраванай прадукцыі СМІ.

Суддзя Алена Літвіна палічыла, што Алег Пахылы парушыў ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго 5 студзеня, калі ён вёз на сваім аўтамабілі 2000 асобнікаў самвыдатаўскай газеты “Могилевские вести”. Тады ў Похылага забралі не толькі газету, але і аўтамабіль. Паводле яго слоў, міліцыянты не пакінулі ніякіх дакументаў пра вынятак газеты і машыны. Аўтамабіль Пахыламу не вярнулі да гэтага часу.

Падчас разгляду справы ў судзе Алег Пахылы прызнаў сваю віну, але ад дачы тлумачэнняў адмовіўся. Пасля абвяшчэння рашэння заявіў, што будзе абскарджваць яго ў вышэйшай судовай інстанцыі.

Газета “Могилевские вести” не зарэгістраваная ў Беларусі як сродак масавай інфармацыі. Наклад аднаго выпуску незарэгістраваных выданняў, згодна з заканадаўствам, не павінен перавышаць 299 асобнікаў.

Нагадаем, у Магілёве затрымалі восем чалавек, якія, на думку міліцыі, маюць дачыненне да выдання і распаўсюду  незарэгістраванай газеты. Некаторыя з іх атрымалі штрафы, хтосьці знаходзіцца пад вартай. Некалькі чалавек яшчэ чакаюць рашэння суда. Забраную маёмасць ім не збіраюцца вяртаць да выплаты штрафаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!