НЕ - ВАЙНЕ!
2412

У Магілёве прайшоў “Прэс-клуб” на тэму працы рэгіянальных СМІ ў крызіс

28.03.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У суботу ў грамадскім цэнтры “Кола” журналісты Магілёўшчыны дыскутавалі пра магчымасці працы рэгіянальных СМІ ў крызісны перыяд. Галоўнымі тэмамі сталі захаванне накладу незалежных выданняў і рэгістрацыя СМІ.

Удзел у сустрэчы ўзялі больш за трыццаць сябраў ГА “БАЖ” з розных раёнаў Магілёўскай вобласці. Тэма для абмеркавання была актуальнай, таму практычна ўсе ўдзельнікі мерапрыемства актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіі.

Галоўны рэдактар газеты “УзГорак” Галіна Будная і журналістка выдання Таццяна Кірыенкава распавялі, як іх выданне пераадольвае эканамічныя і адміністрацыйныя цяжкасці, звязаныя з абавязковай  рэгістрацыяй распаўсюднікаў СМІ. Агульнае меркаванне горацкіх журналістаў — “Узгорак” працягвае развівацца, газета запатрабаваная ў чытачоў, таму на будучыню выдання яны глядзяць з аптымізмам. Удзельнікі прэс-клуба выказалі калегам свае пажаданні і пэўныя заўвагі.

Журналісты крычаўскай газеты “Вольны горад” — яе рэдактар Сяргей Няроўны, выдавец газеты Уладзімір Кудраўцаў, журналісты Мікалай Гердзій і Таццяна Лейбуціна — спыніліся на асаблівасцях працы ў выданні, якое не мае дзяржаўнай рэгістрацыі. Нягледзячы на зразумелыя цяжкасці, “Вольны горад” працягвае рэгулярна выходзіць і друкаваць на сваіх старонках вострыя крытычныя матэрыялы. Выданне мае высокі аўтарытэт у жыхароў усходняй Магілёўшчыны, журналісты газеты часцяком выступаюць у якасці “пастаўшчыкоў” цікавай эксклюзіўнай інфармацыі для цэнтральнай рэспубліканскай прэсы і інтэрнэт-рэсурсаў.

Галоўны рэдактар інтэрнэт-сайта і газеты “Наш Магілёў” Ігар Барысаў засяродзіў увагу прысутных на тым, як яго выданню ўдалося з “баявага лістка” ператварыцца ў сапраўды аўтарытэтную крыніцу інфармацыі. Колькасць сталых наведнікаў сайта “Наш Магілёў” павялічваецца, інтэрнэт-рэсурс уважліва чытаюць не толькі шараговыя гараджане, але і прадстаўнікі ўладных структур.

У адказ на вострыя артыкулы “Нашага Магілёва” яго рэдактару давялося зведаць і неабгрунтаваны пераслед з боку праваахоўнікаў, і перажыць “паліванне брудам” на спецыфічных інтэрнэт-рэсурсах. Журналісты Магілёўшчыны параілі Ігару Барысаву не прымаць блізка да сэрца ўсе гэтыя правакацыі, пажадалі выданню далейшых поспехаў і звярнуліся з просьбай змяшчаць на сайце больш інфармацыі з рэгіёнаў Магілёўскай вобласці.

Адзін з заснавальнікаў ГА “БАЖ”, вядомы журналіст і грамадскі дзеяч Віталь Васількоў параіў калегам падумаць над тым, што будзе са СМІ пасля змены сітуацыі ў краіне ў лепшы бок і прапанаваў выпрацаваць сваё бачанне будучыні мясцовай журналістыкі.

Таксама Віталь падрабязна спыніўся на тым, чаго варта чакаць журналістам Магілёўшчыны ў бліжэйшы час і якія падыходы варта выпрацоўваць, каб карысная для грамадства праца атрымала працяг.

Палітык Рыгор Кастусёў распавёў удзельнікам прэс-клуба пра задумкі, якія зараз напрацоўваюцца для таго, каб аднавіць у Магілёўскай вобласці праект выдання рэгіянальных маланакладных газет у больш сучасным выглядзе.

Журналіст Дзяніс Васількоў падзяліўся сваімі ўражаннямі пра ўдзел у навучальных праграмах ГА “БАЖ” і заклікаў БАЖаўцаў Магілёўшчыны быць больш актыўнымі ў гэтым накірунку.

Напрыканцы мерапрыемства прэс-сакратар ГА “БАЖ” Барыс Гарэцкі распавёў журналістам пра конкурсы і навучальныя праграмы, якія “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прапануе сваім сябрам. Усе выступоўцы адказалі на шматлікія пытанні ўдзельнікаў прэс-клуба.

Пасля заканчэння афіцыйнай часткі БАЖаўцы за кубачкам гарбаты супольна адзначылі 98-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Агульная дыскусія працягнулася за круглым сталом у нефармальнай абстаноўцы.

Абмяркоўвайце ў каментах

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!