НЕ - ВАЙНЕ!
912

У Магілёве прайшоў майстар-клас Паўлюка Быкоўскага

08.08.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У грамадскім цэнтры “Кола” 7 жніўня вядомы беларускі журналіст і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі правёў майстар-клас для сяброў ГА “БАЖ” з Магілёўскай вобласці.

Паўлюк Быкоўскі распавёў магілёўскім бажаўцам пра асаблівасці працы журналістаў пры пошуку інфармацыі ў розных сацыяльных сетках і з рознымі катэгорыямі карыстальнікаў. Па просьбе ўдзельнікаў трэнінгу, медыяэксперт таксама спыніўся на пытаннях прасоўвання інтэрнэт-рэсурсаў і матэрыялаў канкрэтных журналістаў праз сацыяльныя сеткі.

Быкоўскаму давялося адказваць на шматлікія пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства. Для многіх магілёўскіх журналістаў атрыманая інфармацыя была новай, бо раней яны супрацоўнічалі толькі з друкаванымі СМІ, і працы ў сацыяльных сетках надавалі не вельмі шмат увагі. Але час патрабуе зменаў і засваення новых ведаў.

Магілёўскія бажаўцы прыйшлі да высновы, што вельмі карысна было б працягнуць навучанне па засваенню навыкаў  журналісцкай працы ў сацыяльных сетках. Медыяэксперт з задавальненнем падзяліўся спасылкамі на інтэрнэт-старонкі свайго практычнага курсу навучання па сацыяльным медыя для журналістаў. Азнаямленне з ім будзе карысным для журналістаў Магілёўшчыны, ну а пазней будзе разгледжана магчымасць правядзення яшчэ аднаго майстар-класа Паўлюка Быкоўскага ў Магілёве.

Удзел у трэнінгу ў грамадскім цэнтры “Кола” прыняло больш за дваццаць журналістаў з розных рэгіёнаў Магілёўскай вобласці.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!