590

У Магілёве дыскутавалі наконт таго, што рабіць і як змагацца з расійскай прапагандай ВІДЭА

03.12.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Магілёўскія мясцовыя грамадскія актывісты, праваабаронцы і журналісты зладзілі ток-шоу “Расійская прапаганда: як з ёй змагацца, каб не страціць сваю краіну”. Мерапрыемства прайшло ў грамадскім цэнтры “Кола”, удзел у ім прыняло каля паўсотні чалавек.

Ток-шоу было арганізаванае 29 лістапада пры падтрымцы рэгіянальнага праваабарончага інтэрнэт-рэсурса mspring.online. У якасці экспертаў на мерапрыемстве выступалі блогер, актыўны змагар з расійскімі прапагандысцкімі міфамі, галоўны рэдактар сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс і сябра ГА “БАЖ”, карэспандэнт агенцтва Deutsche Welle, вядомы магілёўскі журналіст Аляксандр Буракоў (старэйшы).

Мадэратарам выступіў журналіст Аляксандр Буракоў (малодшы).

Падчас ток-шоу магілёўцы актыўна дыскутавалі пра небяспеку і аб'ёмы расійскай прапаганды, як з ёй змагацца і што супрацьпаставіць. Магілёўцы лічаць, што гэта пытанне актуальнае не толькі для Магілёва, а і для ўсёй Беларусі. З экранаў для беларусаў вяшчаюць дзясяткі расійскіх каналаў, сацсеткамі «Аднакласнікі» і «УКантакце» карыстаюцца мільёны нашых грамадзян, рэсурсы накшталт «Спутник-Беларусь» набіраюць усё большую папулярнасць. Расія выдаткоўвае аграмадныя рэсурсы на прапаганду каштоўнасцей кіруючага пуцінскага рэжыму.

img_1492.jpg

Ужо зараз значная частка магілёўцаў займае прарасійскія пазіцыі. Апошні Форум рэгіёнаў паказаў, наколькі моцна любяць расійскага лідара ў Магілёве. Сам Лукашэнка называе горад «больш расійскім, чым беларускім». Падчас ток-шоу выказваліся самыя розныя меркаванні, якім чынам супрацьдзейнічаць расійскай прапагандзе, успыхвалі палкія спрэчкі наконт таго, якая нацыянальная ідэя патрэбна Беларусі, чым адрозніваецца жыццё ў Мінску і рэгіёнах, наколькі культурны Магілёў і г. д.

Але скончылася дыскусія мірна. Удзельнікі ток-шоу прыйшлі да агульнай высновы, што ў Беларусі патрэбна вырабляць больш сваёй інфармацыйнай прадукцыі, укладваць сродкі ў эфектыўныя беларускія інфармацыйныя праекты, рабіць больш якасны кантэнт.