291

У Магілёве Цыганкоў і Быкоўскі абмяркоўвалі выбары, журналістаў і блогераў

27.11.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У госці да магілёўскіх журналістаў у мясцовы грамадскі цэнтр “Кола” завіталі мінскія калегі: медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, журналіст Радыё “Свабода” Віталь Цыганкоў, а таксама намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Барыс Гарэцкі. На сустрэчу з калегамі сабралася два з паловай дзясяткі чалавек з Магілёва і розных рэгіёнаў Магілёўскай вобласці.

Паўлюк Быкоўскі прэзентаваў свой аналіз кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якая нядаўна прайшла ў Беларусі. Прэзентацыя атрымалася змястоўная, аднак усё роўна выклікала шмат заўваг і спрэчак. Справа ў тым, што шмат хто з магілёўскіх бажаўцаў быў датычны да выбарчай кампаніі тым ці іншым чынам: хтосьці асвятляў падзеі ў якасці журналіста, некаторыя ўдзельнічалі ў назіранні. Сярод іх былі нават асобы, якія вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты. Таму многія імкнуліся падзяліцца ўласным досведам і распавесці пра тое, як праходзіла выбарчая кампанія на Магілёўшчыне.

 

У дыскусіі прынялі ўдзел праваабаронца Уладзімір Краўчанка, палітык Рыгор Кастусёў, журналісты Алесь Сабалеўскі, Яўген Глушкоў, Пётр Мігурскі, Барыс Вырвіч і іншыя. Паўлюку Быкоўскаму давялося адказваць на вострыя пытанні і нават выслухаць пэўныя заўвагі наконт уласных артыкулаў на выбарчую тэматыку.

Падчас другой часткі сустрэчы магілёўскія журналісты і блогеры прынялі ўдзел у прэс-клубе "Журналістыка і блогінг". Мадэратар Віталь Цыганкоў на прыкладзе ўласнага досведу распавёў, якім чынам праца журналіста розніцца ад блогерства. Таксама Віталь падзяліўся вопытам, як размяшчаць публікацыі ў Facebook, каб атрымаць зваротную сувязь ад чытачоў.

Свае меркаванні наконт працы ў іншых сацыяльных сетках выказаў Паўлюк Быкоўскі. А пасля да дыскусіі далучыліся і магілёўскія журналісты і блогеры: Юрый Плоткін, Дзяніс Васількоў, Зміцер Салаўёў, Аліна Скрабунова і іншыя.

Пасля заканчэння прэс-клуба прайшоў сход сябраў Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ”. Перад удзельнікамі сходу выступіў намеснік старшыні арганізацыі Барыс Гарэцкі. Ён праінфармаваў прысутных пра перапіс сябраў, які зараз праводзіць ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, і заклікаў прыняць у ім актыўны ўдзел.

Таксама Барыс Гарэцкі прапанаваў уносіць свае пажаданні наконт працы сайта BAJ.BY. Свае заўвагі і меркаванні выказалі Юрый Плоткін, Пётр Мігурскі, Зміцер Салаўёў, Яўген Глушкоў, Барыс Вырвіч, Максім Алямоўскі, іншыя бажаўцы.

Барыс Вырвіч, кіраўнік Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ”, распавёў пра мерапрыемствы, якія сябры суполкі агульнымі высілкамі зладзілі ў 2019 годзе. Ён адзначыў, што ўсё запланаванае ўдалося ажжыццявіць, і заклікаў удзельнікаў сходу ўносіць прапановы ў планаванне дзейнасці на 2020 год. Магілёўскія бажаўцы абмеркавалі, якія адукацыйныя мерапрыемствы найбольш неабходныя ім зараз, у якіх сустрэчах яны б хацелі паўдзельнічаць, і выказалі канкрэтныя прапановы. Дамовіліся, што канчаткова планы дзейнасці Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” яны зацвердзяць на выніковым сходзе напрыканцы снежня. Да гэтага часу сябры суполкі могуць дасылаць свае прапановы Барысу Вырвічу.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!