1305

У Магілёве адбыўся майстар-клас па напісанню навін для сайтаў

17.10.2016 Крыніца: Барыс Вырвіч для baj.by

У Магілёве адбыўся трэнінг для журналістаў — сябраў ГА “БАЖ” з Магілёўскай вобласці.

Падчас мерапрыемства, якое праходзіла ў Грамадскім цэнтры “Кола”, медыяэксперты Марына Загорская і Мікола Дзябёла падзяліліся з магілёўскімі журналістамі сваім досведам падрыхтоўкі навінных матэрыялаў для інтэрнэт-рэсурсаў.

Марына Загорская нагадала прысутным, што навіна —галоўнае, за чым палююць журналісты і што найбольш запатрабавана ў чытачоў і гледачоў. У наш імклівы час навіна для інтэрнэт-рэсурсаў павінна быць кароткай і змястоўнай. Навіна па-ранейшаму будзе мець перавагі,  калі напісаная паводле прынцыпу “Перакуленай піраміды”. То бок паведамленне пачынаецца з самага важнага элемента падзеі.

Мікола Дзябёла спыніўся на важнасці напісання цікавых загалоўкаў у інтэрнэт-журналістыцы. Чытачы бачаць на экранах камп’ютараў альбо мабільных тэлефонаў толькі загалоўкі журналісцкіх матэрыялаў, і “адчыняюць” толькі тыя з іх, якія падаліся ім цікавымі.

Удзельнікам трэнінгу давялося выконваць шмат практычных заданняў. На падсумаванні вынікаў трэнінгу яго ўдзельнікі аднадушна пагадзіліся, што мерапрыемства атрымалася карысным і змястоўным.

Магілёўскія БАЖаўцы выказалі пажаданне, каб навучальныя семінары пра асаблівасці падрыхтоўкі матэрыялаў для інтэрнэт-рэсурсаў атрамалі далейшы працяг. Новыя веды неабходны для працы ў сучасных умовах.

Удзел у навучальным мерапрыемстве прынялі больш за дваццаць журналістаў і грамадскіх актывістаў з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны, і не толькі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!