1747

У Магілёўскай вобласці з’явілася звышбагатая раёнка?

23.11.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

 

Больш за 350 мільёнаў рублёў з бюджэту раённай газеты “Крычаўскае жыццё” было накіравана на дапамогу сельгаспрадпрыемствам і школе.

Як паведамляе магілёўская абласная газета “Магілёўскія ведамасці” (№91 ад 20 лістапада 2015 года), за два апошнія месяцы крычаўская раёнка дапамагла набыць гаруча-змазачныя матэрыялы тром сескагаспадарчым прадпрыемствам – СВК “Бель”, КСУП “Добрасць” і ААТ “Крычаўаграпрамтэхзабеспячэнне”. Раней, у верасні, “Крычаўскае жыццё” выдаткавала сродкі на пакупку кацылярскіх тавараў для мясцовай школы №5.

Па словах галоўнага рэдактара крычаўскай раёнкі Таццяны Іўкінай, дабрачыннасцю займацца карысна. Асабліва, калі можаш гэта сабе дазволіць. І калектыў у накладзе не застаецца, і добрая падтрымка для прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Нечуваная шчодрасць з боку “Крычаўскага жыцця” здзівіла жыхароў Крычаўскага раёна, бо сама раёнка датуецца з раённага бюджэту, і незразумела, адкуль у газеты ўзяліся грошы на закупку ГЗМ для сельгаспрадпрыемстваў. “Крычаўскае жыццё” толькі параўнальна нядаўна выйшла на ўзровень самаакупнасці, для забеспячэння падпіскі на газету напоўніцу выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс з боку раённых уладаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!