НЕ - ВАЙНЕ!
2477

У Магілёўскай вобласці журналісты раённага радыё застануцца без працы?

24.12.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Магілёве адбылося пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, на якім, у ліку іншых, было разгледжана пытанне пра стан раённага радыёвяшчання ў вобласці.

Намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы – начальнік аддзела па СМІ і развіцці паліграфіі гэтага ўпраўлення Алена Дзівакова распавяла пра рэалізацыю кадравай палітыкі ў сродках масавай інфармацыі Магілёўскай вобласці, звярнуўшы пры гэтым асаблівую ўвагу на стан раённага радыёвяшчання, паведамляе інтэрнэт-сайт быхаўскай раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”.

Па словах Алены Дзіваковай, там, дзе раённае радыёвяшчанне мела статус самастойнай структуры, у тым ліку радыёпраграма “Веснік Быхаўшчыны”, ідзе працэс яго скасавання. З 1 студзеня 2016 года эфіру для мясцовага радыё не будзе, таму заснавальнікам неабходна падумаць пра далейшае працаўладкаванне супрацоўнікаў радыё.

Калегія падтрымала прапанову начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Сінкаўца правесці ў першыя дні новага года адмысловую нараду па гэтым пытанні.

Рэдакцыі раённага радыёвяшчання мелі статус самастойнай структуры ў большасці раёнаў Магілёўскай вобласці.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!