250

У лютым тыраж раёнак Магілёўшчыны рэзка знізіўся. Вылазіць бокам прымусовая падпіска?

05.02.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

У параўнанні са студзенем у лютым 2020 года значна знізіліся наклады практычна ва ўсіх дзяржаўных раённых газет Магілёўскай вобласці.

Вельмі рэзка, адразу амаль на 900 экзэмпляраў, знізіўся тыраж выхаду ў чавускай раённай газеты “Іскра”. Калі ў студзені 2 020 года газета друкавалася тыражом 3 886 экзэмпляраў, то першага лютаўскі нумар склаў толькі 2 993 экзэмпляры.

У газеты “Асіповіцкі край” у студзені тыраж па аўторках складаў 4 895 экзэмпляраў, у лютым — 4 631. Бялыніцкая “Зара над Друццю” у студзені выходзіла тыражом 3 359 экзэмпляраў, у лютым ён зменшыўся да 3 203 экзэмпляраў. Касцюковіцкая раёнка “Голас Касцюкоўшчыны” ў студзені выходзіла тыражом 5 200 экзэмпляраў, у лютым — 4 925. Клічаўская газета “Сцяг Саветаў” у студзені выдавалася тыражом 1 911 экзэмпляраў, у лютым — 1699; “Кричевская жизнь” — 4 705 і 4 500 адпаведна.

Зменшыла тыраж і клімавіцкая “Родная ніва”, нягледзячы на тое, што амаль у кожным нумары анансавала выхад у лютым на сваіх старонках  адмысловага міні-даведніка тэлефонаў першай неабходнасці Клімавіцкага раёна.

Спіс можна працягваць, тыраж выхаду раенных газет у лютым знізіўся практычна ва ўсіх раёнах Магілёўшчыны. Каб палепшыць сітуацыю з падпіскай на раёнкі на люты-сакавік, у некаторых раёнах Магілёўскай вобласці яна была працягнута да 5 лютага.

Мясцовыя грамадскія актывісты мяркуюць, што зніжэнне лютаўскіх накладаў раённых газет у параўнанні са студзеньскімі непасрэдным чынам звязана з практыкай прымусовай падпіскі. Шмат у якіх арганізацыях вобласці існуе практыка “добраахвотна-прымусовай” падпіскі на дзяржаўныя перыядычныя выданні, калі іх кіраўніцтва настойліва “рэкамендуе” выпісваць пэўныя газеты па вызначаным спісе. У гэты спіс звычайна ўваходзіць і мясцовая раёнка.

Каб неяк мінізаваць выдаткі, працаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый ідуць на хітрыкі і выпісваюць раённыя газеты толькі на адзін месяц.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!