1066

У кватэры брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна — ператрус

30.08.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Раніцай 30 жніўня ў кватэру на вуліцы Наганава ў Брэсце, дзе жыве Сяргей Пятрухін, прыйшлі супрацоўнікі АМАП.

Блогер паспеў запусціць трансляцыю на YouTube-канале “Народны рэпарцёр” і паведаміў, што да яго "ломіцца міліцыя”. Пасля гэтых слоў было бачна, што ў кухню забег АМАПавец, прымусіў Сяргея Пятрухіна легчы на ​​падлогу тварам уніз і прыбраць рукі за спіну.

У анлайн-трансляцыі прапала відэа і горш стаў чутны гук, аднак можна было разабраць, што Пятрухіну прад'яўляюць санкцыю пракурора на ператрус у кватэры.

Па некаторых звестках, хутчэй за ўсё, каб трапіць у кватэру блогера, супрацоўнікі міліцыі выламалі дзверы.

Як паведамляе праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які прыехаў да дому, дзе жыве Сяргей Пятрухін, уваход у пад'езд быў заблакаваны. Таксама нікога не пускаюць у саму кватэру, дзе адбываецца ператрус.

Раней з’явіліся звесткі, што ў дачыненні да брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна заведзена крымінальная справа за абразу супрацоўніка міліцыі паводле частцы 2 артыкула 189 Крымінальнага кодэксу.

Пасля заканчэння ператрусу Сяргея Пятрухіна ў кайданках адвезлі ў Ленінскі РАУС Брэста. Ніякіх каментараў  і тлумачэнняў супрацоўнікі міліцыі пакуль не даюць. Таксама да Пятрухіна пакуль не можа трапіць яго адвакат.

Прыкладна а 14-й гадзіне Пятрухіна вызвалілі з РАУС.